409

Журналісткі Ганна Якштас, Ларыса Шчыракова, Яўгенія Доўгая — у ізалятары да суда. Кожная з іх мае малых дзяцей

09.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гомелі 9 кастрычніка чарговы раз затрымалі незалежную журналістку, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову. Пра затрыманне яна паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, дадаўшы фота міліцыянта ў масцы, які стаіць каля машыны журналісткі. Відавочна, супрацоўнік Гомельскага РАУС.

Прэвентыўнае затрыманне напярэдадні выходных Шчыраковай, якая адна гадуе непаўнагадовага сына, стала ганебнай практыкай гомельскіх міліцыянтаў.

Журналістка перыядычна вяла відэастрымы з нядзельных пратэстных маршаў гамяльчукоў супраць несумленных выбараў, і каб таго не адбылося, яе адпраўляюць за краты ў пятніцу, а ў панядзелак адміністрацыйныя пратаколы перадаюць у суд і караюць штрафамі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці альбо за супрацу з "Белсат" без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

Афіцыйна міліцыя як бы не парушае заканадаўства — не арыштоўвае маці, на ўтрыманні якой непаўнагадовае дзіця. Але фактычна ўчыняе двайное пакаранне: арышт на двое сутак і штраф.

І сёння ж зноў затрымалі галоўную рэдактарку сайта "Сильные новости" Ганну Якштас. На пачатку 20-й гадзіны стала вядома, што яе пакідаюць у ІЧУ да панядзелка.

На пытанне супрацоўнікаў інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурса наконт затрымання рэдактаркі афіцыйны прадстаўнік УУС аблвыканкама заявіў, што ён адкажа, калі яны назавуць рэгістрацыйны нумар сеткавага выдання.

6 кастрычніка суд Савецкага раёна Гомеля пакараў галоўную рэдактарку інтэрнэт-партала “Сильные новости” Ганну Якштас адміністрацыйным штрафам на 540 рублёў. Суддзя Аліна Кошкіна прызнала журналістку вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Тады да суда Ганна правяла трое сутак у ізалятары, нягледзячы на тое, што выхоўвае двое непаўнагадовых дзяцей.

Таксама сёння ў Мінску на вачах у 8-гадовай дачкі затрымалі журналістку Яўгенію Доўгую. Яе даставілі ў Партызанскі РУУС, а потым адправілі ў ізалятар на Акрэсціна да суда ў панядзелак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!