380

Журналістка з Магілёва абвінаваціла міліцыю ў выкраданьні. На яе склалі пратакол

24.05.2018 Крыніца: "Радыё Свабода" Сюжэт: 22.9 КаАП

Магілёўскай журналістцы-фрылансэру Аліне Скрабуновай, якую «людзі ў цывільным» гвалтам даставілі 21 траўня ў міліцыю, выставілі абвінавачаньне ва «ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ». У аналягічным правапарушэньні абвінавачваецца і журналіст Яўген Глушкоў.

Журналістаў падазраюць у вырабе двух сюжэтаў для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі. У сюжэце, які зьявіўся ў інтэрнэце 4 красавіка, вялося пра высяленьне жыльцоў з дому, які працяглы час быў прадметам судовай спрэчкі. Другі сюжэт ад 5 красавіка быў пра акалічнасьці сьмерці кіраўніка холдынгу «Купалаўскае» Дзьмітрыя Васілеўскага. Гэты сюжэт рабіўся ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёну.

Аліна Скрабунова

Абвінавачаньняў журналісты не прызнаюць: лічаць, што справы міліцыянтамі распачатыя з «падказкі КДБ», які і кантралюе іх расьсьледаваньне.

«Куратарам міліцыі ад КДБ патрэбна, каб і ў магілёўскім рэгіёне былі аштрафаваныя журналісты па справах „Белсату“. Перасьлед людзей, якіх падазравалі ў супрацы з тэлеканалам, не спыняўся па ўсёй краіне. Іх бесьпярэстанку прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці», — пракамэнтавалі сытуацыю журналісты.

На Яўгена Глушкова склалі два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Скрабунову азнаёмілі з адным і абавязалі прыйсьці 25 траўня азнаёміцца з другім. Матэрыялы справы разгледзяць суды ў Магілёве і Шклове.

21 траўня Аліну Скрабунову ў пад’езьдзе яе дома затрымалі два «чалавекі ў цывільным» і без тлумачэньня, як сьцьвярджае журналістка, гвалтам зацягнулі ў машыну і завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, дзе ўручылі позву зьявіцца ў гэты ж аддзел.

То ломяцца ў дзверы, то пільнуюць пад пад’ездам. Журналістка зняла на відэа, як яе затрымліваюць

Зьняволеньне Аліна зьняла на мабільны тэлефон. Як даведалася журналістка, адзін з тых, хто яе зьнявольваў, быў участковы міліцыянт Руслан Марозаў. Сваё затрыманьне жанчына называе «выкраданьнем».

Скрабунова зьвярнулася да кіраўніцтва міліцыі, каб прыцягнулі да адказнасьці супрацоўнікаў, якія парушылі яе правы, «незаконна затрымаўшы яе».

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў зьвярнуліся ў гарвыканкам, аблвыканкам і абласную міліцыю з пратэстам супраць гвалтоўных дзеяньняў «супрацоўнікаў у цывільным» сваёй каляжанкі і запатрабавалі патлумачыць, чым яны выкліканыя.

«Мы разглядаем мэтад, абраны міліцыяй для яе затрыманьня, як спробу запалохаць журналісцкую супольнасьць. Мы лічым неабходным заявіць, што гэта недапушчальна для прававой, дэмакратычнай краіны. Падобнае абыходжаньне з журналісткай не спрыяе росту аўтарытэту органаў міліцыі ў грамадзтве», — гаворыцца ў звароце.

Беларусы часта наракаюць на тое, што «людзі ў цывільным» не прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, ня маюць ніякіх прыкметаў праваахоўнікаў, літаральна выкрадаюць грамадзян у машыны без спэцыяльных пазнак (часта ў мікрааўтобусы без нумароў, вядомыя ў народзе як «сінія бусікі»).

За абарону ад «людзей у цывільным», нават калі яны не прадставіліся міліцыянтамі, пагражае такое ж пакараньне, як за напад на міліцыянтаў. Месяц таму жыхара Мазыра асудзілі на 18 год пазбаўленьня волі за тое, што ён бараніў свой дом ад «людзей у цывільным», якія штурмавалі яго пасярод ночы.

«Мы наводзім парадак усімі даступнымі законнымі мэтадамі, а апэратыўную працу ніхто не адмяняў, цывільную вопратку як элемэнт маскіроўкі таксама ніхто не адмяняў, — камэнтаваў скаргі на паводзіны «людзей у цывільным» міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. — Таму будзем працаваць, як і раней».