582 0

Журналістка прапануе прабежкі на знак падтрымкі TUT.BY

08.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Віцебская журналістка Таццяна Матвеева, супрацоўніца партала TUT.BY, прапанавала падтрымаць калегаў незвычайным чынам. “Давайце зладзім забегі альбо велапрабегі ў сваіх гарадах, у сталіцы і абласных цэнтрах — на знак салідарнасці адзін з адным і ў падтрымку нашага партала. Апранаем майку (камізэльку, бейсболку і г. д., у каго што ёсць) з карпаратыўнай сімволікай. І наперад”, — напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.

Таццяна Матвеева не толькі прапанавала ідэю, але і пачала яе ўвасабляць. Аматарка бегу, яна выйшла сёння на ранішнюю прабежку ў майцы з лагатыпам TUT.BY.

“Звычайна не звяртаю ўвагі на людзей падчас прабежкі, засяроджаная на сабе, гэта мой рэлакс. Але сёння часам глядзела на рэакцыю мінакоў. І ў вачах людзей было адабрэнне: нешта кшталту, як у народзе кажуць, “рэспект і ўважуха”. Нас чытаюць, нас любяць, нашы навіны чакаюць, з іх у многіх пачынаецца ранак і заканчваецца вечар. І, мабыць, ніколі яшчэ мае плечы не былі такімі выпрамленымі ад гонару. І ніколі гэтыя 5 літар нашага лога на сэрцы не грэлі мне так душу, як сёння!” — піша журналістка.

У каментарах да гэтага допісу ўжо з’явіліся водгукі ад калег: аказваецца, у іншых гарадах журналісты таксама выходзілі займаца фізкультурай у адзенні з лагатыпам tut.by.

Паралельна калегі з Віцебшчыны прапануюць захады і ў дачыненні да агенцтва БелТА, якая ініцыявала ператрусы ў рэдакцыях і затрыманні журналістаў.

Рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмярчак размясціў на сваёй старонцы ў Facebook наступны допіс: “Можа, журналістам дамовіцца і абвесціць байкот БелТА? ДзяржСМІ платную падпіску не афармляюць. А байкот могуць учыніць толькі незалежныя СМІ. Адпаведна, з 30 падпісчыкаў платных застанецца 10-15: план платных паслугаў абвальваецца адразу ў разы”.

Каментары