1110

Журналістка “Газеты Слонімскай” выдала кнігу прозы

15.03.2017 Крыніца: Мікола Канановіч для baj.by

Пазаштатны карэспандэнт, даўні аўтар “Газеты Слонімскай” з Дзятлава Леанарда Юргілевіч 14 сакавіка забрала са Слонімскай друкарні сваю новую кнігу “Доўгі калідор”.

Першым адрасам, куды завітала пісьменніца пасля друкарні, была рэдакцыя “ГС”, дзе журналісты набылі кнігу і атрымалі аўтографы ад аўтра.

У зборнік прозы Леанарды Юргілевіч “Доўгі калідор” увайшлі аднайменная аповесць, а таксама жыццёвыя гісторыя і гумарэскі, большасць з якіх раней друкаваліся ў “Газеце Слонімскай”.

“Доўгі калідор” стала трэцяй па ліку кнігай пісьменніцы, асноўнай тэмай твораў якой з’яўляецца жыццё ў сучаснай беларускай вёсцы, невялікім гарадку, аграгарадку, ці мястэчку. Яе жыццёвыя гісторыі ўжо шмат гадоў знаходзяць сваіх чытачоў не толькі на старонках мясцовай “Газеты Слонімскай”, але і ў рэспубліканскай “Народнай Волі”.

Выхад новай кнігі — гэта заўсёды свята для аўтара, нават калі кніга выдаецца за яго ўласны кошт, як гэта сталася з “Доўгім калідорам” Леанарды Юргілевіч.

Па словах пісьменніцы, распаўсюджваць кнігу, выдадзеную зусім невялікім тыражом, яна будзе самастойна. Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” і мясцовая суполка БАЖ плануюць у бліжэйшы час зладзіць прэзентацыю кнігі Леанарды Юргілевіч “Доўгі калідор” у Слоніме.

Леанарда Юргілевіч нарадзілася ў 1948 годзе ў вёсцы Рагалёўшчына Валожынскага раёна. Скончыла Свіслацкую школу-інтэрнат. Сябар СБП. Выдала кніжкі прозы “Грэшная душа” і “Восеньскае танга”. Друкуецца ў “Народнай волі” і “Газеце Слонімскай”.

Фота аўтара

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!