2363

Журналістка «Белсата» Вольга Чайчыц і аператар Андрусь Козел папрасілі палітычны прытулак у ЗША

23.04.2020 Крыніца: Nn.by

Журналістка «Белсата» Вольга Чайчыц і аператар Андрусь Козел падалі дакументы на палітычны прытулак у ЗША.

Сям’я разам з двума дзецьмі з’ехала за акіян чатыры месяцы таму.

Прычынай таму Вольга называе палітычны ціск на яе і родных. Журналістаў шмат разоў штрафавалі за працу на «Белсаце» (незаконную вытворчасць і распаўсюд прадукцыі СМІ), праўда, на суткі не саджалі.

Фота з фэйсбука.

«У мяне і ў мужа навалілася куча штрафаў, і мы проста не паспявалі іх аплачваць, не было за што! Прыязджалі судовыя выканаўцы апісваць нашу маёмасць», — дзеліцца Вольга.

На тэлеканале Белсат яна прапрацавала 9 год, яе муж — 3.

«Я любіла Беларусь, сваю працу, але ціск стаў невыносны, яго стала вельмі шмат і мы не вытрымалі», — наракае журналістка.

Калі будзе вынясена рашэнне наконт палітычнага прытулку, не вядома. Праз каранавірус збор адбіткаў пальцаў і інтэрв’ю, якія звычайныя для гэтай працэдуры, не праводзяцца і перанесены на няпэўны час.

У Фларыдзе сям’я жыве ў арэндным доме. Рэчы для яго яны набывалі ў амерыканскім сэканд-хэндзе, штосьці дасталася бясплатна ад суседзяў, якія пераязджалі і пакідалі непатрэбныя цацкі і мэблю.

«Фларыда — гэта часова. Сонца, мора. Будзем яшчэ думаць, дзе жыць. Пакуль у нас няма прывязкі ні да якога штату», — дзеліцца сям'я.

Вольга і дзеці на пляжы Фларыды. Фота з фэйсбука.

«Ніколі ў жыцці не думала, што апынуся ў ЗША, — кажа Вольга. — Чым буду займацца, не ведаю. Пакуль у мяне няма дазволу на працу, ён будзе праз паўгода. Гэта час адпачыць ад стрэсу, які я ад уладаў перанесла, і пастарацца разабрацца, чым тут займацца».

У эміграцыі журналістка завяла ютуб-канал пра пераезд у ЗША, прычым стала яго весці яго на рускай мове.

«Спадзяюся, будзе магчымасць вывесці яго на манетызацыю», — тлумачыць выбар мовы Вольга.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!