1610

Журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова вызваленая

10.08.2018 Крыніца: "Радыё Свабода"

Заўтра яе чакае допыт у Сьледчым камітэце, паведаміў адвакат.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/79feb415-bcae-4eaa-825a-75a9d0219e49_cx16_cy0_cw68_w1023_r1_s.jpg

Тацяна знаходзіцца дома. «Мяне сёньня дапыталі. Заўтра аб 11-й гадзіне я мушу яшчэ зьявіцца на допыт. Раней я адмаўлялася ад дачы паказаньняў, бо кепска пачувалася», — распавяла Тацяна Каравянкова Радыё Свабода.

Тацяна кажа, што ў дачыненьні да яе прымяняецца ч.2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу («Несанкцыянаваны доступ да кампутэрнай інфармацыі» — да 2 гадоў зьняволеньня). Яна давала падпіску пра неразгалошваньне.

Затрымліваць Тацяну прыехалі 7 жніўня а сёмай ранку ў вёску, дзе яна адпачывала, у ста кілямэтрах ад Менску. «Зранку грукат у браму, я выходжу, а на мяне адразу камэра са сьвятлом. Вобшук праводзіўся карэктна, сьледчы таксама паводзіў сябе карэктна, — распавядае журналістка. — Апроч канвою, які вёз нас на Акрэсьціна, усе былі карэктныя».

Чаму было прынятае рашэньне зьмясьціць журналістак у ізалятар на Акрэсьціна, Тацяна ня ведае. Зь іншымі затрыманымі па гэтай справе падчас знаходжаньня ў Сьледчым камітэце і ў ізалятары яна не сутыкалася. «Але на Акрэсьціна я чула, як па прозьвішчы называлі Марыну Золатаву і Ганну Ермачонак», — кажа Тацяна.

Увесь гэты час Тацяна мела праблемы з ціскам, зьвярталася да мэдыкаў ІЧУ.

«Дома дакладна лепш, чым на Акрэсьціна», — сьмяецца Тацяна Каравянкова ў адказ на пытаньне, як пачуваецца цяпер. — Там было і душна і сьмярдзела, як у пляцкарце «Менск-Сімфэропаль» пачатку 2000-х гадоў».

Затрыманымі ў «справе БелТА» застаюцца галоўны рэдактар Белапан Ірына Леўшына і журналіст Паўлюк Быкоўскі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!