3399

Журналістаў выдалілі з канферэнцыі “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”

10.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прадстаўнікоў СМІ папрасілі пакінуць міжнародную канферэнцыю “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”, якую праводзяць сёння МЗС Беларусі сумесна з прадстаўніцтвам ААН пры фінансавай падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску.

Удзел у канферэнцыі бяруць прадстаўнікі розных галін беларускай улады, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, духавенства і многіх дыпламатычных місій. Адкрывалі канферэнцыю адмыслова прыехаўшыя ў Мінск спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, прадстаўнік ПАСЭ Андрэа Рыгоні, былы міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг, а таксама Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Адметна, што ў выказванняў беларускіх і замежных удзельнікаў першай панелі канферэнцыі гучалі словы пра неабходнасць шырокага дыялогу ў беларускім грамадстве па праблеме існавання смяротнага пакарання.

Нягледзячы на гэта, пасля перапынку ахова папрасіла ўсіх прадстаўнікоў СМІ пакінуць залу. У гутарцы з журналістамі ахоўнікі спаслаліся на рашэнне арганізатараў канферэнцыі – Міністэрства замежных спраў Беларусі. У адказ на гэта прадстаўнікі прэсы выказалі здзіўленне. На іх думку, выдаленне з залы журналістаў наўрад ці можа быць прыкметай згаданага вышэй шырокага дыялогу ў грамадстве.

Нагадаем, што сённяшняя канферэнцыя адзначылася падобным інцыдэнтам яшчэ да яе пачатку. Па рашэнні МЗС Беларусі на яе не былі запрошаныя прадстаўнікі незарэгістраванага ў краіне правабарончага цэнтра “Вясна”, якія аднак вельмі актыўна і часта ўздымаюць праблему смяротнага пакарання. Сёння дадзенае рашэнне журналістам пацвердзіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!