332

Журналістаў пакаралі штрафамі за 30-секунднае апытанне студэнтаў

20.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі 19 траўня пакараў журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) штрафам у памеры 35 базавых велічынь — кожнага на 945 рублёў.

"Мяне надзвычай здзівілі пытанні суддзі Салоўскага: ён увесь час ужываў слова "інкрымінацыя" — ці разумею я, што мне "інкрымінуецца ў віну"? Ці пагаджаюся я з "інкрымінаванымі" мне дзеяннямі?  На лацініцы і ў англійскай мове (in + criminis, incrimination) — гэта абвінавачанне канкрэтнай асобе ў здзяйсненні злачынства. То бок у фрылансерах суддзя бачыць не проста правапарушальнікаў, а крымінальных злачынцаў", — заўважыла ў размове з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова.

Ларыса Шчыракова

Ні Шчыракова, ні Толчын віны сваёй не прызналі. Патлумачылі, што не разумеюць, у чым іх вінаваціць міліцыя, а следам і суд. У пратаколах, складзеных старшым участковым інспектарам Цэнтральнага РАУС, капітанам міліцыі Пятром Грамадцовым, напісана, што "20 сакавіка ў перыяд часу з 14.00 да 15.00 Шчыракова сумесна з Толчыным, знаходзячыся каля ўвахода ў корпус №4 ГДУ імя Францыска Скарыны, у парушэнне пункта 3,4 артыкула 35 Закона "Аб сродках масавай інфармацыі", фактычна выконвала ў адпаведнасці з пунктам 6, артыкула 1 Закона функцыі журналіста замежнага СМІ..., удзельнічала ў вырабе і распаўсюдзе пры дапамозе СМІ сюжэта, размешчанага ў раздзеле "Аб'ектыў" у эфіры тэлеканала "Белсат" 20.03.2020".

"Што вам не зразумела?" — пытаўся суддзя Салоўскі.

"Не зразумела з пратакола, што канкрэтна я рабіла?" — адказвала журналістка Шчыракова.

Суддзя тры разы зачытваў пратакол.

"Вы не чытайце пратакол, гэта я ўжо чула, — перапыняла Шчыракова чарговую чытанку суддзі. — Гэта інтэрпрэтацыя закона. Што канкрэтна я рабіла? Мікрафон трымала, забіла кагосьці, абрабавала? Што я канкрэтна з Толчыным рабіла каля ўвахода ў чацвёрты корпус універсітэта, хоць гэта і не было каля ўвахода?"

Суддзя Салоўскі аб'явіў Шчыраковай заўвагу за непавагу да суду. Заўвагу атрымалі і яшчэ двое грамадзян з ліку прысутных, якія бурна адрэагавалі на зачытанае абвінавачанне.

Журналісты-фрылансеры хадайнічалі пра адпраўку пратаколаў у міліцыю на дапрацоўку. А калі суд адхіліў хадайніцтва, прасілі спыніць даследаванне і агучыць пастанову: "Навошта марнаваць час? І без таго бачна, што рашэнне ўжо прынята".

Суд, вядома, не прыняў такое хадайніцтва і перайшоў да агляду матэрыялаў у дачыненні фрылансераў, аб'яднаных у адну справу. Вынікае, што справа пачалася з маніторынгу інтэрнэта, які ажыццяўляе падраздзяленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гомельскага аблвыканкама. Яго супрацоўнік Зуеў адрапартаваў начальніку міліцыі грамадскай бяспекі УУС Анатолю Васільеву, што 20 сакавіка ў выпуску навінаў спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” (Польшча) змешчана відэаапытанне, у якім студэнты Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны выказваюцца наконт мэтазгоднасці ўвядзення ў навучальных установах каранціну і дыстанцыйнага навучання з прычыны эпідэміі каранавіруса.

Андрэй Толчын

Рапарт з рэзалюцыяй Васільева быў накіраваны ў Цэнтральны РАУС Гомеля, дзе і складзеныя адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні журналістаў-фрылансераў Ларысы Шчыраковай і Андрэя Толчына, чые відэаздымкі скарыстаў беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал "Белсат". Фрылансераў аўтаматычна прызналі журналістамі замежнага СМІ і аштрафавалі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, паколькі яны не маюць афіцыйнай акрэдытацыі ў МЗС Беларусі.

"Усё гэта выглядае помстай за прафесійную дзейнасць, за згадкі пра сітуацыю з каранавірусам. Гэта яшчэ і застрашэнне журналістаў-фрылансераў перад так званымі прэзідэнцкімі выбарамі. Сістэма, створаная цяперашнім беларускім рэжымам — ад ідэолагаў, міліцыянтаў, да суддзяў, заточаная пад пераслед журналістаў, блогераў, палітыкаў, грамадскіх актывістаў — усіх, хто думае і дзейнічае іначай, чым хоча ўлада", — дадае Ларыса Шчыракова.

Гомельскі палітык і грамадскі актывіст Васіль Палякоў, які прысутнічаў на судзе, лічыць, што рэпрэсіўны "канвеер" у цяперашніх беларускіх варунках паскараецца.

"Улада ставіцца жорстка, у тым ліку і да журналістаў, калі яны ўзнімаюць вострыя і балючыя для яе тэмы, напрыклад, пра пандэмію каранавіруса", — заўважыў спадар Палякоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!