474

Журналістаў ня пусьцяць у Авальную залю на адкрыцьцё сэсіі Палаты прадстаўнікоў

01.04.2020 Крыніца: Алесь Пілецкі, svaboda.org Сюжэт: COVID-19

Сярод прычынаў такога рашэньня ў прэс-службе органу называюць у тым ліку і эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне.

Палата прадстаўнікоў Беларусі, архіўнае фота 2019 году

Пра тое, што праца журналістаў на адкрыцьці першай сэсіі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будзе абмежаванай, Свабодзе паведамілі ў прэс-службе органа. Там зазначылі, што 2 красавіка на адкрыцьці сэсіі журналісты ня змогуць прысутнічаць у Авальнай залі, дзе адбываецца абмеркаваньне законапраектаў і галасаваньне па іх, а таксама ў холе перад Авальнай заляй, дзе звычайна адбываліся інтэрвію з запрошанымі на паседжаньне афіцыйнымі асобамі і дэпутатамі.

Праца прадстаўнікоў СМІ абмяжуецца прэс-цэнтрам. У выпадку неабходнасьці супрацоўнікі Палаты прадстаўнікоў будуць арганізоўваць магчымасьці для інтэрвію з дэпутатамі. Камэнтары прадстаўнікоў міністэрстваў неабходна ўзгадняць у саміх ведамствах.

Як раней паведамляла Свабода, абмежаваньні таксама закранулі працу камісій. У Палату прадстаўнікоў абмежаваны доступ экспэртаў і спэцыялістаў ня зь ліку дэпутатаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!