680

Журналістаў не пусцілі на сустрэчу старшыні Брэсцкага аблвыканкама з праціўнікамі акумулятарнага завода

12.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сустрэча з кіраўніком абласной выканаўчай улады Анатолем Лісам адбылася 12 чэрвеня, у першапачатковым спісе для ўдзелу ў ёй былі пазначаныя тры прадстаўнікі незалежных выданняў.

На прысутнасці журналістаў настойвалі актывісты ініцыятыўнай групы, якія ўжо амаль паўтары гады змагаюцца супраць будаўніцтва пад Брэстам завода акумулятарных батарэй фірмы “АйПаўэр”.  

Аднак ніхто з прадстаўнікоў СМІ на сустрэчу не змог патрапіць. Больш таго, з боку ўладаў прагучала патрабаванне не весці запіс трохгадзіннай размовы на дыктафон.

Напярэдадані, 11 чэрвеня, адміністрацыя акумулятарнага завода «АйПаўэр» вырашыла зладзіць адмысловую прэс-канферэнцыю, але і на яе запрасілі толькі асобных журналістаў. Большасці прадстаўнікоў незалежных СМІ і блогераў, якія рэгулярна асвятляюць падзеі, звязаныя з гэтым заводам, на тэрыторыю прадпрыемства зайсці не дазволілі. Каментаваць сваё стаўленне да такога падзелу журналістаў кіраўніцтва завода адмовілася.