609

Журналістаў Лупача і Смоткіну выклікаюць у міліцыю

28.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Увечары 27 сакавіка незалежныя журналісты з Глыбокага Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна атрымалі позвы з Шаркоўшчынскага райаддзела міліцыі. Спачатку міліцыянты даслалі ім позвы праз месенджары Viber і WhatsApp, а потым патэлефанавалі і яшчэ раз запрасілі на так званую “гутарку” на 29 сакавіка.

Як вынікае з дасланых журналістам паведамленяў, ім трэба явіцца ў Шаркоўшчынскі РАУС у кабінет № 8. Яшчэ ўказаныя адрас, час і артыкул, які прадугледжвае адказнасць за няяўку. Больш ніякіх звестак у позве не было. Позву падпісаў старшы інспектар Шаркоўшчынскага аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Курэц.

Журналістаў здзівілі такія непісьменныя позвы ад супрацоўніка міліцыі. (Праўда, ім ужо неаднойчы прыходзілі падобныя паперы.) Ніякіх дадатковых удакладненняў па тэлефоне таксама не было.

З аднаго боку, Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна па такіх позвах могуць і не ехаць у Шаркоўшчынскі РАУС. А з іншага — некаму ж трэба ўсё ж вучыць міліцыянтаў складаць дакументы правільна.

Юрыст і праваабаронца Павел Левінаў параіў журналістам таксама праз Viber і WhatsApp напісаць адпаведны зварот да міліцыянтаў з прапановай скласці позвы належным чынам. Бо, як кажа праваабаронца, дадзеныя дакументы не з’яўляюцца афіцыйнымі позвамі: з іх незразумела, у якасці каго, па якой справе, да каго і г. д. выклікае журналістаў старшы інспектар ААПП Шаркоўшчынскага РАУС Андрэй Курэц.

  • Не зразумела ў позве, і за які кошт трэба ехаць журналістам у Шаркоўшчынскі РАУС. Яшчэ абурае тое, што позва напісаная з граматычнымі памылкамі. У мяне ўзнікае сумнеў, ці пісаў яе сапраўды супрацоўнік міліцыі, куды адбіраюць самых лепшых, самых граматных і годных, — зазначае Павел Левінаў.

Незалежная журналістка Таццяна Смоткіна праз WhatsApp сёння даслала ў адказ паведамленне, што яна гатовая явіцца ў міліцыю толькі па позве, напісанай належным чынам. Бо, як кажа Таццяна, такім дакументам міліцыянты не паважаюць ні сябе, ні журналістаў.

Зміцер Лупач прытрымліваецца такога ж меркавання. Ён намераны даслаць шаркоўшчынскім міліцыянтам спасылку на артыкул працэсуальнага кодэкса, дзе напісана, як павінна быць аформлена позва.