670

Журналістаў груба выкінулі з залы, дзе адбывалася пасяджэнне камісіі аб ушчыльненні квартала ў Мінску

03.05.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Жыхароў і журналістаў не пусцілі на пасяджэнне аб «ушчыльненні» квартала ў цэнтры Мінска.

3 мая ў Першамайскім райвыканкаме Мінска праходзіла пасяджэнне камісіі па выніках грамадскага абмеркавання аб ушчыльненні жылога квартала ў раёне новымі дамамі і паркінгамі. Журналістам “Радыё Свабода” і партала Tut.by разам з мясцовымі жыхарамі не дазволілі прысутнічаць у гэты час у зале.

Калі журналістка “Свабоды” Інна Студзінская наблізілася да дзвярэй, старшы прапаршчык Віталь Дабравольскі груба выкінуў яе з кабінета.

Пасяджанне камісіі праходзіла за зачыненымі дзвярыма пад аховай міліцыі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Старшы прапаршчык Віталь Дабравольскі выштурхоўвае журналістку Інну Студзінскую

Грамадскае абмеркаванне ўшчыльнення жылых двароў каля станцыі метро “Акадэмія навук” пачалося ў мінулым месяцы. Прапанаваны план забудовы абурыў мясцовых жыхароў і выклікаў шмат пытанняў да чыноўнікаў і забудоўшчыкаў.