321

Журналістаў дапыталі па справе Леаніда Судаленкі

29.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Незалежнага журналіста з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева на мінулым тыдні дапыталі ў якасці сведкі ў раённым аддзеле Следчага камітэта па крымінальнай справе праваабаронцы, сябра ГА "БАЖ" Леаніда Судаленкі.

Андрэй Мядзведзеў

"Допыт цягнуўся больш за чатыры гадзіны.  Вёў яго следчы УСК з Гомеля па прозвішчы Яцухна. У мяне ўзялі падпіску пра неразгалошванне, таму больш нічога сказаць не магу", — паведаміў Андрэй Мядзведзеў службе маніторынгу ГА "БАЖ".

Наколькі вядома, на допыт выклікалі і рэчыцкага грамадскага актывіста Валерыя Пуціцкага.

24 сакавіка ў Гомелі ва ўпраўленні СК дапыталі таксама сябра ГА "БАЖ", журналістку Ларысу Шчыракову.

У чым віна праваабаронцы?

Леаніда Судаленку 18 студзеня выклікалі ў рэгіянальнае ўпраўленне Следчага камітэта, пасля чаго ўзялі пад варту. З ізалятара часовага ўтрымання праз двое сутак Леаніда перавялі ў СІЗА.

Незадоўга да затрымання на працоўным месцы Судаленкі ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай супрацоўнікі УБАЗіКа ў межах іншай крымінальнай справы аб беспарадках учынілі ператрус. Сілавікі забралі не толькі камп’ютарную тэхніку, але і каля дзвюх соцен тэчак з дакументамі — абскарджваннямі штрафаў і арыштаў удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, а таксама асабістыя банкаўскія карткі праваабаронцы, у тым ліку і валютную.

Пасля таго ператрусу Леанід Судаленка прадбачыў магчымасць свайго затрымання і пакінуў у офісе запіску, у якой выклаў пазіцыю з нагоды аказання рознабаковай дапамогі пацярпелым жыхарам Гомельшчыны. Такая мірная дзейнасць па абароне правоў іншых людзей, зазначыў Судаленка, у поўнай меры ўзгадняецца з Дэкларацыяй ААН аб праве і абавязку асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.

Праваабаронца не хаваў, што выдаткаваў на дапамогу пацярпелым тысячу еўра са сваёй французкай прэміі “Свабода-Роўнасць-Братэрства”. Грошы ішлі на аплату штрафаў, рахункаў за харчаванне ў ІЧУ, дзяржаўных пошлін за перагляд у вышэйшых судовых інстанцыях адміністрацыйных і крымінальных спраў рэпрасаваных грамадзян.

Гэта дзейнасць, піша ў лісце на волю Судаленка, "не з'яўляецца забароненай па сэнсу прад'яўленага мне артыкула 342 КК, якім вызначана адказнасць за арганізацыю, фінансаванне і навучанне" (маецца на ўвазе асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).

І дадае: знаходзячыся ў СІЗА, "канчаткова пераканаўся ў сваім статусе — палітычны закладнік". Судаленка перакананы, што "пратэсты ў краіне арганізавала ўлада, ёй і трэба шукаць выйсце".

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Леаніда Судаленку палітычным вязнем.

На здымку: Андрэй Мядзведзеў. Фота аўтара.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!