1324

Журналістаў аштрафавалі на 588 рублёў кожнага за тое, што размаўлялі з жыхарамі Оршы

22.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Штрафы Уладзіміру Лунёву і Віталю Скрылю: 48 базавых на дваіх.

Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў Уладзіміра Лунёва і Віталя Скрыля вінаватымі “ў вырабе фрагмента” матэрыяла СМІ. Менавіта так было запісана ў пратаколе, складзеным супрацоўнікамі Аршанскага РАУС, якія распачалі адміністрацыйную справу пра парушэнне часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

Суддзя Ілля Белавус не надаў увагі аргументам пра тое, што ў дадзеным артыкуле гаворыцца пра незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, якія разглядаюцца разам як часткі аднаго дзеяння. І што там не згадваюцца ніякія “фрагменты”.  Таксама суд не ўлічыў і таго, што дзеянне артыкула 22.9 распаўсюджваецца на СМІ, а не на фізічных асобаў, якімі ёсць Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў.

Паводле такой логікі, яны аштрафаваныя на 588 рублёў кожны толькі за тое, што размаўлялі з жыхарамі Оршы. Бо суд не змог давесці, што хлопцы маюць дачыненне да сайта belsat.eu і да з’яўлення на ім матэрыяла “За што ў Воршы так не любяць Аляксандра Лукашэнку”.

Сведкі, выкліканыя на суд, пацвердзілі хіба толькі тое, што адказвалі на пытанні двух хлопцаў, у аднаго з якіх была відэакамера, а ў другога мікрафон. Прычым двое з траіх сведкаў заявілі, што не могуць дакладна пацвердзіць, што гэта былі Лунёў і Скрыль. Усе сведкі сказалі, што не памятаюць, у чым тыя былі апранутыя і нават пра што дакладна ішла гаворка.

Спробаў высветліць, якім чынам хлопцы “вырабілі прадукцыю СМІ” пасля размоваў на вуліцы, нават не прадпрымалася. Пасля высноваў складальніцы пратакола Ліліі Трушко, якая адкрыта заявіла, што не ведае і не памятае Закона аб сродках масавай інфармацыі, суддзя Ігар Белавус  таксама пагадзіўся, што мела месца адміністрацыйнае правапарушэнне. Хаця распытваць людзей на вуліцы ў Беларусі не забаронена, як і фіксаваць змест гутарак з дапамогай тэхнічных сродкаў.  

Асобнай увагі заслугоўвае той факт, што аргументы складальніцы пратакола выглядаюць сумнёўна. Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў заўважылі, што падчас іхняй вандроўкі ў Оршу за машынай сачылі людзі з іншага аўто. Як высветлілася ў судзе, гэта супрацоўнікі міліцыі рабілі “відэафіксацыю” іх дзеянняў. Інакш кажучы, хлопцаў пільнавалі ад самага пачатку і аж да моманту ад’езду з Оршы. На выездзе з горада машыну спыніў супрацоўнік ДАІ і перапісаў дадзеныя кіроўцы і пасажыраў.

Аднак па словах складальніцы пратакола Ліліі Трушко, яна заўважыла матэрыял на сайце belsat.eu  25 студзеня. Як паказаў начальнік ДАІ, у той самы дзень яна разаслала па ўсіх міліцэйскіх падраздзяленнях службовыя відэазапісы – дзеля ідэнтыфікацыі асобаў тых, хто здымаў на плошчы. Навошта – так і засталося загадкай. Бо звесткі  пра тое, што Лунёў і Скрыль не акрэдытаваныя ў Беларусі ў якасці замежных журналістаў спадарыня Трушко атрымала значна пазней.

Супрацоўнік ДАІ, які таксама быў сведкам на працэсе, заявіў, што ў Скрыля надта запамінальнае імя – Віталь. Але не змог прыгадаць колер затрыманай машыны, хоць запомніў марку і нумар.

Відавочна, што аршанская міліцыя разгарнула цэлую спецаперацыю вакол Уладзіміра Лунёва і Віталя Скрыля.

Усе два дні, пакуль ішоў суд, Віталь аддана бараніў і сябе, і сябра. Ён дасканала вывучыў законы, датычныя дзейнасці СМІ, указаў суду на мноства пралікаў у дакументах справы. Але ўсё аказалася марным.

Цяпер аргументы супраць высноваў міліцыі і Кастрычніцкага райсуда будуць выкладзеныя ў касацыйнай скарзе, бо абодва хлопцы лічаць, што іх абвінавацілі і пакаралі несправядліва.