235

Журналістаў Арцёма Ляву і Міхася Ільіна выклікалі на допыт у Следчы камітэт

06.08.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналісты Арцём Лява і Міхась Ільін сёння раніцай былі на допыце ў Следчым Камітэце ў якасці сведкаў па крымінальнай справе паводле арт. 342 КК аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Справа была заведзеная пасля вулічных пратэстаў у Мінску 14 ліпеня.

Падчас акцый пратэсту 14 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі журналістаў, якія вялі прамыя трансляцыі з месцаў падзей. ГА "БАЖ" вядома пра 13 асоб, якія былі затрыманыя падчас выканання прафесійных абавязкаў. Цяпер затрыманых тады журналістаў выклікаюць на допыты ў Следчы камітэт.

Арцём Лява супрацоўнічае з газетай "Новы Час" як пазаштатны аўтар. Арцём распавёў, што следчая цікавілася, адкуль ён даведаўся пра акцыю пратэсту, ці браў у акцыі актыўны ўдзел, ці размяшчаў у сваіх сацсетках калі-небудзь заклікі ўдзельнічаць у падобных акцыях.

Таксама следчую цікавіла, ці пад сваім імем зарэгістраваны журналіст у Facebook.

Цікавіла следчую і месца працы Арцёма Лявы. Калі яна пачула пра рэдакцыю "Новага Часу", то запыталася, ці мае журналіст акрэдытацыю і дазвол працаваць у Беларусі.

Арцём кажа, што патлумачыў следчай правы журналістаў, якія працуюць у беларускіх СМІ, зарэгістраваных у Мінінфармацыі.

"Я думаю, што гэта можа быць чарговым актам запалохвання, бо столькі людзей цягаюць на допыты ў Следчы камітэт", — гаворыць журналіст.

Лява кажа, што ў пратакол былі запісаныя яго словы пра тое, што супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама акурат і былі правакатарамі, ініцыятарамі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да грамадзян 14 ліпеня.

Копію пратакола Арцёму Ляву не выдалі. Тэлефоны на экспертызу, як пра тое паведамлялі іншыя грамадзяне пасля допытаў у СК, не забіралі.

Журналіст "Еўрарадыё" Міхась Ільін хадзіў на допыт з адвакатам Сяргеем Зікрацкім.

Міхась распавёў, што допыт доўжыўся прыкладна паўтары гадзіны, цягам гэтага часу ён распавядаў, што адбывалася падчас 13 хвілін стрыму (столькі да затрымання журналіст паспеў весці трансляцыю 14 ліпеня).

"Пыталіся пра сацсеткі. Мой адвакат папярэджваў, што на пытанні такога плана маю права не адказваць, таму я адмовіўся расказваць нешта. Было пытанне, ці пляскаў у далоні, ці выкрыкваў лозунгі. Адказаў, што журналісцкая этыка не дазваляе такога рабіць", — распавёў Ільін.

Копію пратакола журналісту не выдалі, тэлефоны на экспертызу не забіралі.

Крымінальная справа паводле арт. 342 КК аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, была заведзеная пасля падзей у Мінску 14 ліпеня. У дачыненні да некалькіх удзельнікаў боек з супрацоўнікамі міліцыі, якія адбыліся падчас затрыманняў пратэстоўцаў, былі распачатыя крымінальныя справы аб супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!