2149

Журналістам спрабавалі перашкодзіць працаваць падчас свята ў гонар Васіля Быкава

20.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч спрабавала перашкодзіць працаваць незалежным журналістам Таццяне Смоткінай і Змітру Лупачу.

Інцыдэнт здарыўся 19 чэрвеня, калі  журналісты-фрылансеры прыехалі ў вёску Бычкі Ушацкага раёна, каб асвятляць імпрэзу ў гонар знакамітага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Быкава.

Мерапрыемствы па ўшанаванні памяці пісьменніка ладзяцца там штогод 19 і 20 чэрвеня: 19 чэрвеня ладзяць мясцовыя ўлады, а 20 чэрвеня — дэмакратычная грамадзянская супольнасць. Але сёлета з-за пандэміі каранавіруса Рух “За свабоду” імпрэзу не арганізоўваў, таму журналісты вырашылі завітаць у Бычкі 19 чэрвеня, як раз у дзень народзінаў пісьменніка.

На сустрэчу ў Бычкі прыехалі каля 20 чалавек, але, як аказалася, не ўсе былі пажаданымі гасцямі. Намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч хацела забараніць прысутнічаць на імпрэзе незалежным журналістам Таццяне Смоткінай і Змітру Лупачу.

Аргументавала чыноўніца гэта тым, што ўлады іх сюды не запрашалі, а журналісты ў сваю чаргу не ўзялі дазвол на тое, каб прысутнічаць на мерапыемстве.

— Калі вы нашы госці, вы павінны былі як мінімум паведаміць пра тое, што вы ў нас будзеце. Мы павінны разумець, хто з намі, — сказала Алена Пашковіч журналістам.

Намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч

Пасля гэтых слоў Таццяна Смоткіна ўдакладнілася, ці закрытае гэтая імпрэза, і нагадала, што ўжо прадставілася. Журналістка дастала дыктафон, каб запісаць размову, але спн. Пашковіч выказала гэтаму незадавальненне і сышла.

Паводле слоў журналістаў, пасля гэтага чыноўніца падыходзіла, калі яны фатаграфавалі агульны план, і папярэджвала, каб яе не фатаграфавалі, бо, маўляў, яна тут такі ж госць, як і яны. Журналісты працягнулі сваю працу.

Таццяна Смоткіна зазначае, што з такой непісьменнасцю чыноўніцы яна сустрэлася ўпершыню:

“Было рознае: чыноўнікі не пагаджаліся на каментар, пераадрасоўвалі да іншых, падчас культурніцкіх імпрэзаў павялічвалі гук музыкі ў зале, калі запісвала на дыктафон. Але, каб забаранялі фактычна прысутнічаць на імпрэзе, ды ў гонар Васіля Быкава — сумлення нацыі, які прытрымліваўся дэмакратыі — гэта ўпершыню”.

Зміцер Лупач таксама ўражаны такім інцыдэнтам.

“Алена Пашковіч сказала, што журналісты ледзь не за два тыдні павінны ў іх пытацца пра дазвол прысутнічаць на імпрэзе. Можа, улады хочуць, каб у іх дазвол прасілі наогул хадзіць па гэтай зямлі”, — здзіўляецца журналіст.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!