440

Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову пакаралі 7 суткамі арышту

17.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову прызналі вінаватымі ў парушэнні арт. 23.34 і 23.4 КаАП ("удзел у масавых акцыях пратэсту" і "непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі"). Суддзя — Вольга Няборская.

Паводле пратакола, Кацярыну Андрэеву затрымлівалі 15 лістапада на вуліцы, яна прымала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, хаця яна з 12 да 17-30 знаходзілася ў кватэры на Смарогскім тракце на 14 паверсе, што пацвердзіў на судзе сведка — гаспадар кватэры Дзмітрый, паведамляе "Белсат".

Журналістка не змагла да суда нават азнаёміцца з пратаколам.

Вінаватай сябе не прызнала і абвінаваціла міліцыянтаў, што складалі пратакол, у ілжэсведчанні.

У судзе Кацярына расказала, што яе затрымлівалі ў кватэры, дзверы выламалі, забеглі каля 10 спецназаўцаў. Яны не тлумачылі нічога, проста сказалі, каб збіраліся і ішлі з імі. Гвалту падчас затрымання не было.

У РУУС Кацярыне стала блага: яна адчула боль ў галаве, званітавала, страціла прытомнасць. Выклікалі хуткую, даставілі пад канвоем у 9-ю лякарню. Нічога сур’ёзнага не знайшлі, але прапісалі пасцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візіт да неўролага на наступны дзень.

Раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП.

Дар'ю Чульцову затрымлівалі разам з Андрэевай. Пакаранне ў яе аналагічнае — 7 сутак арышту.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!