725

Журналіста Змітра Казакевіча вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыянтам, суд будзе 28 кастрычніка

27.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Затрыманы у нядзелю незалежны журналіст, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, другія  суткі знаходзіцца ў віцебскім СІЗА. Стала вядома, у чым вінавацяць Змітра Казакевіча: на яго склалі пратаколы за парушэнне артыкула 22.9 КаАП — за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі і за парушэнне артыкула 23.4 КаАП нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам.

Зміцер Казакевіч ніколі не хаваў фактаў свайго супрацоўніцтва з “Белсатам”, таму да абвінавачання за гэта ён заўсёды быў гатовы. Што да непадпарадкавання міліцыянтам, то нічога падобнага не было, як адзначаюць відавочцы затрымання.

Сведкі затрымання распавялі, што па сканчэнні мірных пратэстаў 25 кастрычніка ў Віцебску некалькі чалавек у цывільным адмыслова сачылі за журналістам, і як толькі калона пратэстоўцаў разышлася, а Зміцер Казакевіч збочыў у двары з Маскоўскага праспекта, да яго накіраваліся трое незнаёмцаў. Яны не былі ў форменным адзенні, але як толькі прагучала фраза “У нас ёсць да вас пытанні”, журналіст спыніўся і па ўласнай волі пайшоў з імі.

На думку калег, абвінавачанне ў непадпарадкаванні спатрэбілася для таго, каб не адпусціць журналіста адразу, а пакінуць за кратамі да разгляду справы ў судзе. Санкцыі артыкула 22.9 КаАП не прадугледжваюць арышту, а вось артыкул 23.4 КаАП — так. Тым больш, што ў віцебскіх судах існуе практыка прызначыць тую колькасць сутак арышту, якую затрыманы ўжо адбыў да суда.

Што да Змітра Казакевіча, то з ім ужо быў падобны выпадак, калі ён беспадстаўна адбыў у віцебскім СІЗА трое сутак. Мінулым разам яго затрымалі 11 кастрычніка, 72 гадзіны трымалі пад вартай, але 14 кастрычніка суддзя Міхаіл Юрчанка скасаваў справу, не знайшоўшы ў дзеяннях  Казакевіча складу правапарушэння.

На дадзены момант у ізалятарах застаюцца журналісты:
Дар'я Спевак
Вадзім Заміроўскі
Усевалад Зарубін
Арцём Маёраў
Алесь Любянчук
Руслан Серадзюк
Зміцер Казакевіч

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!