Баранавіцкага журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча вінавацяць ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса).
Справу супраць журналіста пачне разглядаць Брэсцкі абласны суд 13 ліпеня. Пра гэта стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Юрыя Ганцарэвіча затрымалі ў маі гэтага года з-за таго, што ён фатаграфаваў расійскую вайсковую тэхніку і дасылаў здымкі ў незалежныя медыя. Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя медыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», то журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічанні такому «фармаванню».
Праваабаронцамі Юрый быў прызнаны палітзняволеным.
Юрыю Ганцарэвічу 23 гады, родам ён з Мікашэвічаў. Раней супрацоўнічаў з інтэрнэт-выданнямі ў Лунінцы і Брэсце. Апошнім часам Юрый працаваў для баранавіцкага незалежнага выдання Intex-press, дзе ў асноўным выконваў абавязкі фатографа.