482

Журналіста Уладзіміра Лапцэвіча суд арыштаваў на 13 сутак

01.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Ленінскага раёна Магілёва 30 верасня пакараў журналіста Уладзіміра Лапцэвіча 13 суткамі адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў парушэнні арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах).

Уладзімір Лапцэвіч

Журналіста затрымалі перад пачаткам акцыі пратэсту 27 верасня ў Магілёве, але судзілі яго нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту 23 верасня. Самога Лапцэвіча ў суд Ленінскага раёна не прывезлі, судовы працэс адбываўся дыстанцыйна праз Skype. Ад 27 верасня журналіст знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Ад самага пачатку пасяджэння суддзя Наталля Панасенка не задаволіла ні воднага хадайніцтва журналіста, нават не дазволіла яму азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Слуханне справы працягвалася каля 50 хвілін без перапынкаў.

Як стала вядома падчас судовага працэсу ад самога Лапцэвіча, яшчэ ў Ленінскім РАУС яму адмовілі ў абаронцы і не патлумачылі ягоных правоў, пра што журналіст адзначыў у пратаколе.

Адзіным «доказам» віны Уладзіміра Лапцэвіча ў матэрыялах справы было пяцісекунднае відэа, знятае супрацоўнікамі міліцыі. На ім бачны мужчына, падобны на Лапцэвіча, але адсутнічае хоць якая выява калоны з пратэстоўцамі.

У матэрыялах справы было запісана, што Лапцэвіч рухаўся ў калоне з пратэстоўцамі. Сам журналіст сцвярджаў, што ён рухаўся на пэўнай адлегласці ад калоны і прысутнічаў на акцыі як журналіст “Магілёўскага рэгіёна”: вёў фота- і відэафіксацыю таго, што адбывалася падчас акцыі пратэсту.

Нягледзячы на пераканаўчыя аргументы Уладзіміра Лапцэвіча, суддзя Наталля Панасенка прызнала яго вінаватым ва ўдзеле 23 верасня ў акцыі пратэста супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, пры разглядзе справы журналіста былі дапушчаны шматлікія грубыя парушэнні.

“Парушана ўсё, што можна. Усе хадайніцтвы Лапцэвіча былі адхіленыя без усялякіх на тое падстаў. Яму нават не далі азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Гэта выглядае як судзілішча, а не суд”, — пракаментаваў рашэнне суда Ленінскага раёна Барыс Бухель.

Уладзімра Лапцэвіча ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці 5 жніўня нібыта за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Тады суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў яго 12 суткамі арышту. Увесь тэрмін знаходжання ў зняволенні журналіст трымаў галадоўку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!