801

Журналіста Сяргея Чыгрына “перасуджвалі” наноў: да ранейшых сямі сутак дадалі яшчэ 15

26.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

23 снежня мусіў вызваліцца пасля адміністрацыйнага арышту слонімскі журналіст, пісьменнік, краязнаўца Сяргей Чыгрын. Аднак у праваахоўнай сістэмы на гэты конт былі іншыя планы – яго пакінулі ў ізалятары на выходныя і ў панядзелак, 26 снежня, правялі чарговы суд. Вердыкт — 15 сутак зверху. За час зняволення ён пазбавіўся працы ў драмтэатры.   

Нагадаем, Сяргея Чыгрына затрымалі 16 снежня, следам суд Слонімскага раёна прызначыў яму 7 сутак адміністрацыйнага арышту – інкрымінавалі перапосты з “экстрэмісцкіх рэсурсаў”, хоць насамрэч калегі звязваюць яго арышт з ранейшай працай у недзяржаўных медыя.  

Тэрмін зняволення Сяргея Чыгрына заканчваўся ў мінулую пятніцу, аднак на волю ў прызначаны час ён так і не выйшаў. Сваякам праваахоўнікі патлумачылі, што ў справе з’явіліся “новыя акалічнасці”.  

26 снежня ў дачыненні да журналіста адбыўся новы судовы працэс па адміністрацыйнай справе. Судзілі на падставе міліцэйскага пратакола паводле ўсё той жа ч. 2 арт. 19.11 КаАП – «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, альбо выраб, выданне, захоўванне з мэтай распаўсюду такіх звестак». Як вынік, давядзецца правесці за кратамі ўдвая больш, чым напярэдадні. 

64-гадовы Сяргей Чыгрын — знакавая асоба для Слонімшчыны. На яго рахунку больш за паўсотні кніг і публікацый у газетах, прысвечаных гісторыі і культуры роднага краю. Ён лаўрэат шматлікіх творчых конкурсаў за асабісты ўнёсак у захаванне і аднаўленне спадчыны свайго рэгіёна. 

Як канстатуюць сябры і паплечнікі спадара Сяргея, падобныя высілкі вартыя ўсялякага ўганаравання, але ніяк не пераследу за іншадумства. Бо ў выніку шчыры руплівец беларушчыны рэальна падпаў пад рэпрэсіі. 

Сяргей Чыгрын да апошняга працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра. Аднак пасля арышту свайго дасведчанага супрацоўніка кіраўніцтва ўстановы, не асабліва ўнікаючы ў дэталі, 19 снежня (усяго праз тры дні пасля надзвычайнага здарэння) у аднаасобным парадку прыняло рашэнне яго звольніць.   

Сяргей Чыгрын нарадзіўся 24 верасня 1958 года ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна Гродзеншчыны. Пасля школы скончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча і філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працаваў на Слонімшчыне загадчыкам вясковага клуба, настаўнікам сярэдняй школы, карэспандэнтам раённай газеты “Слонімскі веснік”, намеснікам галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай”, загадчыкам літчасткі мясцовага драмтэатра. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Аўтар блізу 60 збораў паэзіі, літаратуразнаўчых і гісторыка-краязнаўчых кніг. Выдавец буклетаў, паштовак, плакатаў з “нацыянальным характарам”. На беларускую мову пераклаў вершы выбітных украінскіх, французскіх, расійскіх, турэцкіх паэтаў і драматургаў. Многія спектаклі па іх творах пастаўленыя на сцэне Слонімскага драматычнага і іншых тэатраў Беларусі.

Сяргей Чыгрын лаўрэат журналісцкага конкурсу “Польшча – прыязная суседка Беларусі”, літаратурнага конкурсу імя Ежы Гедройца, прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў, за лепшую публікацыю па тэматыцы Дня беларускага пісьменства, за лепшае выданне ў межах Першага краязнаўчага форуму Беларусі ды многіх іншых. 

Чытайце яшчэ:

Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»

Івашына хочуць скапраметаваць, падсаджваючы да вязняў з нізкім сацыяльным статусам. Журналіст прыгразіў, што перарэжа вены

Як гродзенцы-эмігранты выдавалі газеты ў Мексіцы і Аргенціне

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!