НЕ - ВАЙНЕ!
475

Журналіста “Прессбола” збіраліся звальняць пасля 10-сутачнага арышту, але цяпер запэўніваюць, што не звольняць

01.10.2022 Крыніца: Служба маніторынгу БАЖ

У суботу БАЖ стала вядома, што Беларуская федэрацыя футбола, якая валодае кантрольным пакетам акцый спартыўнай газеты “Прессбол”, разрывае кантракт з карэспандэнтам Андрэем Ільенем. Раней журналіст быў пакараны адміністрацыйным арыштам за “пікетаванне ў сацсетках”.

Футбольнага аглядальніка “Прессбола”, каментатара матчаў чэмпіянату Беларусі на тэлеканале “ЯСНАе TV” Андрэя Ільеню сілавікі затрымалі 14 верасня, суд пакараў яго 10 суткамі зняволення. 

Як кажуць калегі Андрэя Ільені, пад “зачыстку” той трапіў збольшага выпадкова. У ліку іншых быў акрэдытаваны ў склад афіцыйнай дэлегацыі на выязныя матчы нацыянальнай зборнай у новастворанай Лізе Нацый пад эгідай УЕФА. А з улікам, што цяпер ад супрацоўнікаў СМІ патрабуецца яшчэ і поўная лаяльнасць, ідэолагі праверылі сацсеткі на наяўнасць крамолы. І вельмі хутка знайшлі “істотныя парушэнні дзейнага заканадаўства”. 

Аказалася, што Андрэй Ільеня на аватарцы ў Facebook змясціў бел-чырвона-белы сцяг (цяпер сацсеткі татальна “стэрылізаваныя”).  Уласна кажучы, за “віртуальнае пікетаванне” і затрымалі. У выніку замест камандзіровак у Казахстан і Сербію журналіст выправіўся на 10 сутак на Акрэсціна.

Выглядае, што яшчэ адным раздражняльнікам для кантралёраў стала і працоўная мова Андрэя Ільені — ён прынцыпова каментуе тэлетрансляцыі на беларускай мове, на ёй жа вёў запісы ў сваіх акаўнтах.

Паколькі цяперашні “Прессбол” цалкам падкантрольны Беларускай федэрацыі футбола, кіраўніцтва якой аднаасобна ўхваляе ўсе кадравыя ратацыі, скасаванне кантракта з нелаяльным журналістам было перадвырашана практычна ў момант яго затрымання.

Як падзяліўся з карэспандэнтам службы маніторыгу БАЖ адзін з дзейных супрацоўнікаў спартыўнага выдання, Андрэю Ільеню "пашанцавала" ўжо тым, што выйшаў без форс-мажору пасля 10 сутак. Аднак далей спадзявацца няма на што – “хутка звольняць”. Кіраўнік асацыяцыі, адстаўны вайсковец Уладзімір Базанаў дэманструе поўную салідарнасць з дзейным палітычным рэжымам і не трывае нават мінімальных праяваў апазіцыйнасці. 

Адметна, што ў “Прессбол” Андрэя Ільеню прыцягнулі як экстраную “затычку ў прабоіне”. Пасля гвалтоўнага прызначэння ўласнікам — без папярэдняга абмеркавання з калектывам – на пасаду галоўнага рэдактара газеты экс-каментатара тэлеканала АНТ Сяргея Лісічкіна, вядучыя журналісты ўчынілі дэмарш і салідарна пакінулі рэдакцыю. На вакантныя месцы ў экстраным парадку давялося шукаць “штрэйкбрэхераў”. У гэтым пераліку аказаўся і Андрэй Ільеня.     

Да таго ён працаваў у дзяржаўнай “Спартыўнай панараме”, а таксама выконваў функцыі прэс-сакратара мужчынскай і жаночай камандаў нацыянальнага першынства – “Днепр” і “Надзея-Днепр” адпаведна.   

Пасля публікацыі матэрыяла прадстаўнікі рэдакцыі газеты "Прессбол" звязаліся са службай маніторынга БАЖ і запэўнілі, што не збіраюцца звальняць Андрэя Ільеню за тое, што той адбываў адмінстрацыйны арышт. Па іх словах, журналіст па-ранейшаму застаецца ў штаце рэдакцыі.

Тым часам рэпрэсіі закранулі і іншых супрацоўнікаў спартыўных рэсурсаў і праваабарончых арганізацый. Так, за ўдзел у мірных акцыях на 2 гады калоніі агульнага рэжыма асуджаны карэспандэнт партала “Трыбуна”, аўтар YouTube-канала "ЧестнОК" і футбаліст каманды “Крумкачы” Аляксандр Івулін. Да завочных судоў паводле “спецпрацэдуры” Следчага камітэта збіраюцца прыцягнуць экс-журналіста “Прессбола” і заснавальніка рэсурса Sports.ru Дзмітрыя Навошу, выканаўчага дырэктара Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандра Апейкіна і алімпійскую прызёрку ў плаванні Аляксандру Герасіменю.

А напярэдадні стала вядома пра арышт і крымінальную справу ў дачыненні да вядомага футбольнага варатара, гульца зборнай Беларусі, падпісанта ліста вольных спартсменаў супраць гвалту Васіля Хамутоўскага. Апошнім часам ён працаваў разам з вядомым трэнерам Алегам Дулубам у штабе ўкраінскага “Львова” і быў затрыманы, калі прыехаў у Мінск на планавую медыцынскую аперацыю.    
 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!