557

Журналіста пакаралі за матэрыял з прэс-тура ГА "БАЖ" у Лунінцы

15.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

15 жніўня Яўгена Скрабца судзілі  паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ «Незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» за матэрыял, падрыхтаваны па выніках прэс-тура, арганізаванага Лунінецкай філіяй ГА «БАЖ».

Інтэрв’ю з кіраўніком фермерскай гаспадаркі “Навіцкіх” выйшла на сайце “Радыё Рацыя” 18 чэрвеня, пасля чаго брэсцкага фрылансера абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні лунінецкая міліцыя склала завочна, бо Яўген па асабістых прычынах не змог прыехаць у Лунінец. Дакумент журналіст атрымаў па пошце і выявіў недакладнасць: дата прэс-тура значылася ў пратаколе 18 чэрвеня, хаця фактычна мерапрыемства праходзіла 14-15 чэрвеня.

Пра гэта Яўген Скрабец заявіў пад час судовага пасяджэння. Яго словы пацвердзілі сведкі: старшыня Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” Алена Насковіч і сябра філіі, рэдактар партала “Медиа-Полесье” Святлана Гарда, а таксама выкліканы ў час перапынку герой публікацыі ­Уладзімір Навіцкі.

Пасяджэнне праходзіла пад старшынствам старшыні суда Лунінецкага раёна Міхаіла Дзенісовіча. Ён не адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку, на што разлічваў журналіст, і прызначыў Ягену Скрабцу пакаранне ў памеры 20 базавых велічынь.

“Пастанову Лунінецкага райсуда планую абскардзіць у судзе вышэйшай інстанцыі, бо не прызнаю сваю віну. Прэс-тур праходзіў 14-га чэрвеня, гэта відавочна. Калі б суддзя адправіў матэрыялы на дапрацоўку, справа магла б быць спыненая ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны”, — пракаментаваў вынік суда ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Яўген Скрабец.

Журналіст перакананы, што па гэтым артыкуле, калі і прыцягваць каго да адказнасці, то рэдакцыі канкрэтных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі. Усё ж такі журналісты-фрылансеры, не звязаныя пастаяннымі працоўнымі адносінамі з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі, не могуць несці адказнасці за тое, што СМІ неакрэдытаваныя.

Яўген Скрабец спадзяецца, што абласны суд расставіць усе кропкі над “і”.