360

Журналіста Міхаіла Аршынскага спачатку адпусцілі з суда, а пасля зноў затрымалі і адвезлі ў ІЧУ

08.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

8 мая ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансера Міхаіла Аршынскага. Ён быў затрыманы напярэдадні ўвечары 7 мая. Падставай для затрымання стала тое, што 5 мая журналіст рабіў стрымы з акцый  падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. Журналіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Разгляд справы Міхаіла Аршынскага ў судзе пачаўся у 15.30. Аднак ужо ў хуткім часе суддзя Аксана Ратнікава, у адказ на хадайніцтва Аршынскага пра неабходнасць пошуку адваката для сваёй абароны ў судзе, абвесціла перапынак судовага пасяджэння да 16.00 12 мая. За гэты час Аршынскі мусіць заключыць дамову з адвакатам.

Літаральна праз некалькі хвілін пасля рашэння суддзі Ратнікавай Аршынскі зноў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі наўпрост ў будынку суда. Міліцыянеры вывелі журналіста праз службовы ўваход, пасадзілі ў машыну і некуды павезлі. Пазней магілёўскія праваабаронцы даведаліся, што Міхаіла  Аршынскага зноў даставілі ў Магілёўскі ізалятар часовага ўтрымання. Пратрымаюць яго там да панядзелка.

Мяркуецца, што супрацоўнікі міліцыі вылучаць Аршынскаму яшчэ адно абвінавачанне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, бо журналіст рабіў стрымы адразу з некалькіх акцый у падтрымку блогера Ціханоўскага ў Магілёве.

Нагадаем, што 8 мая ў Магілёве таксама быў затрыманы сябра ГА “БАЖ”, журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы). У дачыненні да яго складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Журналіст зараз знаходзіцца ў ІЧУ у Магілёве да суда, які запланаваны на панядзелак.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што існуе вялікая верагоднасць таго, што бліжэйшым часам будзе затрыманы журналіст “Магілёўскай вясны” Аляксандр Буракоў (малодшы). Ён разам Бураковым-старэйшым быў на Віцебскім праспекце і каля ІЧУ ў Магілёве, дзе збіраліся людзі ў падтрымку Ціханоўскага.

Журналісты не ўдзельнічалі ў масавых акцыях, а толькі сачылі за выкананнем правоў людзей на мірны сход і высвятлялі інфармацыю пра затрыманых, але міліцыянты лічаць інакш. Таму існуе небяспека, што Буракова-малодшага таксама могуць затрымаць, — выказаў свае перасцярогі Барыс Бухель падчас гутаркі з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!