196

Журналіста Ігара Бублікава (Рэмзіка) будуць судзіць 1 кастрычніка

28.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гродне 27 верасня падчас працы затрымалі журналіста newgrodno.by, сябра ГА “БАЖ” Ігара Бублікава (Рэмзіка). Амаль суткі ён правёў за кратамі, зараз яго чакае суд.

Інцыдэнт здарыўся падчас нядзельнай вулічнай акцыі, калі любыя спробы людзей сабрацца ў раёне гродзенскага аўтавакзала сканчаліся затрыманнямі. Па словах журналіста, ён назіраў за падзеямі, быў абазначаны блакітнай камізэлькай з надпісам “Прэса”.

— Я ішоў па праспекце Касманаўтаў, здымаў на тэлефон, — распавёў журналіст. — Побач са мной была Вольга Камягіна з TUT.by. Тут раптоўна выскокваюць пяць нейкіх “баевікоў” у масках. Мы патлумачылі, што журналісты. Адзін з іх пасля адпусціў Вольгу, сказаўшы, што пра TUT.by ведае — можа ісці. А што такое newgrodno.by, не ведае.

Падчас затрымання супрацоўнікі міліцыі не назваліся і патлумачылі прычыну затрымання. Ігара Бублікава  завезлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе знаходзіцца ізалятар часовага утрымання, а праз некаторы час перавезлі ў аўтазаку ў гродзенскую турму на вуліцы Кірава. На журналіста склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянавай вулічнай акцыі, і амаль суткі пратрымалі пад вартай.

У другой палове дня 28 верасня Ігара Бублікава вызвалілі да суда. Разгляд яго адміністрацыйнай справы прызначаны на 1 кастрычніка а 12 гадзіне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!