292

Журналіста газеты "Новы час" знялі з цягніка на мяжы і распранулі да майткоў

23.09.2019 Крыніца: spring96.org

Праваабаронцам "Вясны" 22 верасня стала вядома, што на беларуска-польскай мяжы "Тэрэспаль-Брэст" з цягніка знялі журналіста "Новага Часу" і "Зялёнага Партала" Аляксандра Вялітчанку і актывістку Аліну Сцяцову, калі яны вярталіся дадому ў Беларусь.

Па словах Аляксандра, у іх адразу забралі пашпарты, а пасля таго, як правялі дагляд рэчаў у цягніку, адвялі на асабісты дагляд. Аднак, каб яго ажыццявіць, работнікі мытнай службы павінны атрымаць подпіс начальніка, у якога зараз выходны. Вядома, што мытнікі паехалі за подпісам. Вялітчанку і Сцяцову зачынілі ў зале пагранічнага кантролю. Яны чакаюць ужо больш за гадзіну, спазніўшыся на бліжэйшыя цягніка.

Пры даглядзе ў іх пыталіся пра экстрэмісцкую літаратуру.

"Потым параілі падумаць, чаму гэта адбываецца тут і цяпер", — кажа журналіст.

У 15:30 памежнікі пачалі асабісты дагляд журналіста. Праз 20 хвілін дагляд скончыўся. 

"Праверылі ўвесь заплечнік. Сказалі, распрануцца да майткоў.

Здаецца, усё было па працэдуры. Прысутнічаў паняты, памежнік, які здымаў з цягніка і чалавек, які даглядаў мяне. Аформілі пратаколам, які далі падпісаць", — распавядае Аляксандр Вялітчанка.

Праз некаторы час даглядзелі і актывістку Аліну Сцяцову. Асабісты дагляд актывісткі ажыццяўлялі жанчыны. 

Пра прычыны такой увагі да журналіста і актывісткі беларускія мытнікі не паведамілі. Уся працэдура заняла больш за дзве гадзіны.

Пасля гэтага, як распавёў Аляксандр Вялітчанка, начальнік змены папрасіў прабачэння за ўсё гэта і сказаў, што яму гэтая працэдура таксама непрыемная і што гэта не яго жаданне.

"І паўтарыў, каб я задумаўся, "дзе, калі, з кім і чаму", бо гэта можа працягвацца кожны раз пры перасячэнні мяжы", — дадаў журналіст.

Канчаткова Вялітчанку і Сцяцову вызвалілі толькі а 18 гадзіны, пратрымаўшы такім чынам чатыры гадзіны. Кампенсаваць квіткі ім адмовіліся. Растлумачылі свае дзеянні па асабістаму дагляду "загадзе зверху". Але больш ніякай інфармацыі не паведамілі, спаслаўшыся на тое, што загад засакрэчаны.