259

Журналіста газеты “Ганцавіцкі час” дапыталі ў мясцовым аддзеле Следчага камітэта

15.04.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

За апошнія тры тыдні карэспандэнта недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час” Аляксандра Пазняка чатыры разы выклікалі ў розныя праваахоўныя структуры.

Як паведаміў Аляксандр Пазняк службе маніторынгу ГА “БАЖ”, 14 красавіка ён наведаў Ганцавіцкі райаддзел Следчага камітэта ў якасці сведкі “па факту нанясення невызначанай асобай цынічных надпісаў на гандлёвых павільёнах”.

У Аляксандра Пазняка пыталіся, што карэспандэнт ведае пра здарэнні, калі ў горадзе з’яўляліся надпісы палітычнага зместу на будынках і на гандлёвых кіёсках “Табакерка”.

“Гэтыя надпісы з’явіліся ў Ганцавічах яшчэ ў ліпені 2020 года, і дагэтуль шукаюць вінаватых, бо распачатая справа, — кажа карэспандэнт “Ганцавіцкага часу”. — Следчага цікавіла, якія фотаздымкі я бачыў, у якіх чатах чытаў пра надпісы і што пісаў на гэтую тэму”.

Паводле Аляксандра Пазняка, ён патлумачыў на допыце, што як журналіст піша на розныя тэмы: “бо гэта мая праца, а нешта больш дадаць не магу”.

Раней, 25 сакавіка, падобныя пытанні яму задавалі ў Ганцавіцкім РАУС. Акрамя таго, за апошнія тры тыдні журналісту “Ганцавіцкага часу”  давялося даваць тлумачэнні ў мясцовай пракуратуры і з’ездзіць ў Баранавічы, куды яго выклікалі ў фінансавую міліцыю.     

20 чэрвеня мінулага года Аляксандр Пазняк разам са сваім калегам Сяргеем Багровым быў збіты і затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, калі рабіў стрым з акцыі пратэсту, што адбылася ў цэнтры Ганцавічаў. Пасля суд пакараў Пазняка штрафам на 810 рублёў “за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі” (арт. 23.4 КаАП) і “ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Сяргей Багроў атрымаў тады 15 сутак арышту.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!