528

Журналіста “Ганцавіцкага часу” не пусцілі ў райвыканкам, куды яго запрасіла міліцыя

28.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Прадстаўнікі Ганцавіцкага раённага аддзела міліцыі вырашылі правесці ў мясцовым райвыканкаме ўрачыстасць, каб заахвоціць людзей, якія дапамаглі затрымаць злодзея.

Райвыканкам, Ганцавічы

На мерапрыемства, дзе 28 снежня неабыякавым грамадзянам уручалі падзякі і прэміі, супрацоўнікі РАУС запрасілі таксама прадстаўнікоў незалежнага выдання “Ганцавіцкі час”.

Аднак на ўваходзе ў райвыканкам журналіста і рэдактара сайта газеты Сяргея Багрова сустрэла кіраўнік справамі Ганцавіцкага райвыканкама Наталля Маляўка і загадала ахоўніку не пускаць яго ў памяшканне.

“Сам факт, што мясцовая ўлада адгарадзілася ад грамадзян турнікетамі, ужо адлюстроўвае рэальнае стаўленне да людзей, — пракаментаваў сітуацыю для службы маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі. — З юрыдычнага пункту гледжання ў дзеяннях адказнай асобы райвыканкама можна ўбачыць парушэнне заканадаўства. А калі рабіць чыста чалавечыя высновы, то проста дзіўныя адчуванні ад такой рэакцыі чыноўнікаў на добрую ініцыятыву ганцавіцкай міліцыі”.

Фота ganc-chas.by