475

Журналіста-фрылансера з Гродна Алеся Дзянісава суд прызнаў невінаватым у хуліганстве 11 жніўня

20.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 19 жніўня разглядалася справа журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Алеся Дзянісава. Справа пра адміністратыўнае парушэнне спыненая за адсутнасцю складу правапарушэння.

Алеся Дзянісава затрымалі 11 жніўня ў Гродне на вуліцы Чырвонаармейскай, дзе ён стаў сведкам затрымання жанчыны байцамі атраду міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП). Журналіст ехаў міма на ровары і спыніўся, каб высветліць з якой прычыны адбываецца затрыманне, аднак міліцыянты затрымалі яго самога з прымяненнем фізічнай сілы.

Дзянісава спачатку даставілі ў Кастрычніцкі РАУС, пасля ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён правёў ноч да суда. У дачыненні да яго склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні паводле арт. 17.1 КаАП (“дробнае хуліганства”) і забралі мабільны тэлефон. У пратаколе заяўлялася, што Дзянісаў 11 жніўня нібыта грукаў рукамі і нагамі ў браму ля другога корпуса будынка Гродзенскага УУС, пры гэтым лаяўся і не рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў АМАП.

12 жніўня ў ІЧУ выяздны суд, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, накіраваў яе на дапрацоўку ў міліцыю. Журналіста вызвалілі да наступнага судовага слухання.

Учора міліцыянты, якія выступалі ў справе ў якасці сведак, на судовае пасяджэнне не з’явіліся. Таксама не былі пададзеныя запісы з камер відэаназірання, якія б маглі пацвердзіць паказанні гэтых сведак.

У выніку суддзя Дзяніс Раманішка спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні Алеся Дзянісава “за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу правапарушэння”.

На знак падтрымкі і салідарнасці з Алесем Дзянісавым на судовае слуханне прыйшлі гродзенскія журналісты і грамадскія актывісты.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!