56 0

Журналіста-фрылансера з Брэста Яўгена Скрабца будуць судзіць за прафесійную дзейнасць

09.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

На пачатку тыдня сябра ГА “БАЖ” Яўгена Скрабца выклікалі для гутаркі ў Лунінецкі РАУС у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

Брэсцкага фрылансера вінавацяць у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Падстава для такіх абвінавачванняў — рэпартаж пра кіраўніка лунінецкай фермерскай гаспадаркі “Навіцкіх”, што з’явіўся на сайце “Радыё Рацыя”. Рэпартаж быў зроблены падчас прэс-тура, зладжанага мясцовай філіяй ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

“Я пракансультаваўся ў юрыста ГА “БАЖ”. Аказалася, што выклік у міліцыю складзены неахайна і не зусім адпавядае юрыдычным нормам, – распавёў Яўген Скрабец карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”. — У прыватнасці, сама гэтая папера не пазначана як “позва” і там не паведамляецца пра наступствы, якія здарацца, калі я не наведаю РАУС. Акрамя таго, у мяне была важная сямейная прычына, якая не дазволіла ў прызначаны дзень прыехаць у Лунінец”.   

Паводле словаў фрылансера, супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў тэлефанавалі яму, каб даведацца пра прычыны, паводле якіх той не з’явіўся ў Лунінецкі РАУС. Такую настойлівасць Яўген Скрабец тлумачыць тым, што 18 жніўня скончыцца трохмесячны тэрмін, паводле якога журналіста можна прыцягнуць да адказнасці.

Раніцай 9 жніўня Яўген Скрабец атрымаў sms-паведамленне, што суд па яго справе прызначаны ў Лунінцы на 15 жніўня.

Каментары