НЕ - ВАЙНЕ!
81

Журналіста Дзмітрыя Навошу выклікаюць у суд. “Фігурант” за мяжой і вяртацца пад расстрэльны артыкул не збіраецца

21.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

У Беларусі прызначылі дату першага "завочнага" суда над групай асоб, нібыта “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці” — 12 снежня. Сярод абвінавачаных у “распальванні варожасці” і “распаўсюдзе персанальных дадзеных” колішні карэспандэнт газеты “Прессбол”, сузаснавальнік партала Sports.ru Дзмітрый Навоша.   

Прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі распаўсюдзіла абвестку пра пачатак першага "завочнага" працэсу супраць грамадскіх актывістаў, якіх абвінавачваюць у адміністраванні так званай "Чорнай кнігі Беларусі".

З паведамлення вынікае, што судзіць у такім фармаце будуць 44-гадовага журналіста Дзмітрыя Навошу, а таксама 28-гадовую Яніну Сазановіч, 25-гадовага Данііла Багдановіча, 23-гадовую Вольгу Высоцкую і 21-гадовую Валерыю Занямонскую. 

Усім імкрымінуюць па два артыкулы Крымінальнага кодэкса Беларусі: на падставе ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 203-1 (незаконны збор і распаўсюд персанальных дадзеных).

На пачатку лістапада Камітэт дзяржбяспекі ўнёс фігурантаў у свой “спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”, а раней Міністэрства ўнутраных спраў абвінаваціла іх у “экстрэмізме”. 

Паводле следства, абвінавачаныя атрымлівалі, сістэматызавалі і затым абнародвалі персанальныя звесткі пра сілавікоў, суддзяў, чыноўнікаў, якія на розных этапах суправаджалі выбарчую кампанію 2020 года і наступныя задушэнні пратэстаў. А гэта якраз і падпадае пад крымінальны пераслед за “зліў” асабовых дадзеных дзяржаўных службоўцаў і правакацыю ваяўнічых настрояў у грамадстве.      

Ад “фігурантаў” патрабуюць явіцца 12 снежня а 10-й раніцы ў Мінскі гарадскі суд. Удакладняецца, што пры сабе павінен быць дакумент, які пацвярджае асобу.

На гэты момант усе названыя людзі знаходзяцца ў бяспецы за межамі краіны і вяртацца ў “падрыхтаваную “пастку” пры дзейным рэпрэсіўным рэжыме не збіраюцца.

І не дзіва: сёлета ў ліпені Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб зменах у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, што хаваюцца ад пераследу за мяжой. У пераліку санкцый сярод іншага пазначана і вышэйшая мера – смяротнае пакаранне.  

Наш калега Дзмітрый Навоша з гумарам ставіцца да чарговай спробы павесіць на яго нейкія эфемерныя злачынствы, адзначаючы, што ў цяперашняй рэальнасці пападанне ў разнастайныя “чорныя спісы” уладаў азначае суседства з такімі ж годнымі патрыётамі краіны. Адрозна ад “Чорнай кнігі Беларусі”, дзе зафіксаваны сапраўдныя дзяржаўныя злачынцы. І заклікае не адчайвацца, а яшчэ больш засяродзіцца на ўратаванні краіны ад цемрашальскай навалы.  

“Што да доўгачаканага вызвалення сінявокай, то да першых добрых навін мы пачуем яшчэ нямала кепскіх. Бо ад самага аднаўлення вайны ва Украіне 24 лютага сцвярджаю: Пуцін можа забраць Беларусь як “суцяшальны прыз”. А што перашкодзіць? Не Церцель жа ды ваякі Хрэніна. Тым важней адраджэнне беларускіх медыяў, дэтаксікацыя грамадства ад пуцінскай і лукашысцкай прапаганды, адбудоўванне свайго інфаполя ва ўмовах, калі ўсё падаецца раздушаным і столькі лідараў меркаванняў за кратамі”, – канстатаваў Дзмітрый Навоша.

Варта нагадаць, што дзейнасць імправізаванай рэдакцыі “Чорнай кнігі Беларусі” суправаджаецца гучным скандалам. Толькі праз працяглы час высветлілася, што ў калектыў здолеў прабрацца шпік з ГУБАЗіКа, які завалодаў акаўнтамі і асабовымі звесткамі тых, хто ў чат-ботах дзяліўся дадзенымі пра пасобнікаў рэжыму. У выніку пад патэнцыйным ударам з боку сілавых органаў цяпер знаходзяцца некалькі тысяч беларусаў.

Чытайце яшчэ:

Беларусы змогуць глядзець футбольныя матчы чэмпіянату свету. Але не па тэлевізары

«У Марины вид умной, рано повзрослевшей девочки». Бывшая сокамерница Золотовой рассказала о жизни с главредкой TUТ.ВY

Сёння 500 дзён, як рэдактары «Нашай Нівы» ў засценках

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!