231 0

Журналіста чакае суд за сюжэт пра аграгарадок

17.01.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Другі суд ў гэтым месяцы за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат” чакае журналіста з Глыбокага Змітра Лупача. На гэты раз докшыцкія міліцыянты склалі пратакол за сюжэт пра аграгарадок Крулеўшчына Докшыцкага раёна: “Найлепшы аграгарадок Беларусі развальваецца”.

Гэта ўжо шосты па ліку выпадак, калі міліцыянты інкрымінуюць Змітру Лупачу парушэнне  артыкула 22.9 КаАП часткі 2 (Парушэнне закона аб СМІ).

Паводле слоў Лупача, у міліцыі яму нават прапанаваалі азнаёміцца з артыкулам 22.9. Але, калі журналіст запытаўся, а ці прыцягвалі каго да адказнасці па частцы першай артыкула, ён так і не атрымаў адказу.

Артыкул 22.9. Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі

1. Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, якое выявілася ў незаконным абмежаванні свабоды масавай інфармацыі, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

2. Парушэнне ўсталяванага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюджвання эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

3. Парушэнне сродкам масавай інфармацыі заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі паўторна на працягу аднаго года пасля вынясення ў дачыненні яго пісьмовага папярэджання — цягне накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка ў памеры ад дваццаці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу - ад ста да пяцісот базавых велічынь.

4. Атрыманне грашовых сродкаў і (або) іншай маёмасці ў мэтах фiнансавання сродкаў масавай інфармацыі ад замежных юрыдычных асоб, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна не пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у выпадках, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а таксама ад ананімных крыніц — цягне накладанне штрафу на юрыдычную асобу ў памеры да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй атрыманых сродкаў і (або) іншай маёмасці.

Па словах журналіста Змітра Лупача, у Докшыцкім РАУС яму нават прапанавалі арганізаваць суд у той жа дзень, калі выклікалі па позве ў міліцыю:

"Мяне апытваў і складаў пратакол у Докшыцкім РАУС участковы міліцыянт Аляксандр Піскуновіч, які мне і прыносіў дадому позву. Ён абслугоўвае тэрыторыю Крулеўшчынскага сельскага савета.

Потым мне сказалі, што сёння будзе і суд, калі пагодзіцца суддзя і я буду не супраць. Пададзена гэта было з клопатам пра мяне: а навошта вам два разы ездзіць у Докшыцы, калі можна зрабіць усё за адзін дзень.

Але выйшаў начальнік аддзела прафілактыкі Іван Бадун і паведаміў, што я магу ехаць дадому, бо суддзя сказаў, што на працэс збіраецца выклікаць сведак. Міліцыянт сказаў, што пра суд я даведаюся з позвы, якую мне дашлюць па пошце".

Як кажа Зміцер Лупач, цяпер трэба чакаць позвы ў суд. На апраўдальны прысуд ён не спадзяецца. Цяпер можна рабіць стаўкі: колькі базавых велічыняў штрафа дадуць на гэты раз у судзе Докшыцкага раёна. Месяц таму гэты суд яго пакараў на 40 базавых велічыняў, што адпавядае 920 беларускім рублям. А Пастаўскі суд тыдзень таму па тым жа артыкуле пакараў журналіста на 25 базавых велічыняў, што складае 612,5 беларускіх рублёў.

Каментары