266

Журналіста аштрафавалі за сюжэт пра дзіцячую пляцоўку

25.02.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Шаркаўшчынскі раённы суд аштрафаваў журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача за парушэнне заканадаўства аб СМІ — за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Суддзя Аксана Табола 24 лютага прызнала журналіста вінаватым паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі) і пакарала штрафам у памеры 1080 беларускіх рублёў.

Падставай стаў сюжэт пра дзіцячую пляцоўку ў Шаркаўшчыне для гумарыстычнай перадачы “Суб’ектыў”.

Журналіст не прызнаў сваю віну ў судзе і спаслаўся на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і міжнароднае права, якія свабоду слова, якую гарантуюць грамадзянам свабоду слова. Але яго довады не былі ўлічаныя суддзёй. 

Як лічыць Зміцер Лупач, ён стаў наступнай ахвярай пераследу з боку ўладаў пасля Кастуся Жукоўскага, які быў вымушаны нават з’ехаць з краіны, і пасля ціску на сямейную пару Вольгі Чайчыц і Андрэя Козела — яны перасталі супрацоўнічаць з тэлеканалам “Белсат”. Зміцер мяркуе, што праз адміністрацыйны пераслед улады дабіваюцца, каб і ён перарваў супрацу з “Белсатам”.

“Але пакуль не збіраецца гэтага рабіць, як бы цяжка не было. У нашай краіне цікава працаваць, знаходзячы шмат разнастайных сацыяльных тэм. Канешне, трэба ўлічваць і тое, што сёлета — год прэзідэнцкіх выбараў, таму яшчэ невядома, як будуць паводзіць сябе ўлады. Адно зразумела, што ціск будзе ўзмацняцца”, — кажа журналіст.

Падтрымаць Змітра Лупача ў суд прыехалі не толькі журналісты, але і грамадскія актывісты з Шаркаўшчыны, нават якім ужо за 80 год — Ада Райчонак і Уладзіслаў Ляскоўскі. Яны былі шакаваныя такім штрафам і выказалі сваё стаўленне да рашэння суда словам “Ганьба!”.

Нагадаем, паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП у Лупача сёлета  было ўжо тры суды. Пастаўскі раённы суд прызначыў яму 42 базавыя велічыні штрафу, у Глыбокім адбыліся два судовыя працэсы, але ў выніку справу спынілі ў сувязі з недаказанасцю віны. А цяпер у Шаркоўшчыне яму далі 40 базавых велічынь штрафу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!