366

Журналіста Андрэя Пачобута затрымалі на 72 гадзіны у межах справы аб "распальванні варожасці"

25.03.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Раніцай да журналіста Андрэя Пачобута прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта паспела паведаміць яго жонка Аксана.

Ператрус у Пачобута праходзіў у межах крымінальнай справы паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці»).

Падчас ператрусу ў кватэры Андрэя Пачобута былі каля васьмі чалавек. Працэс здымалі на відэакамеру, магчыма, што для далейшых прапагандысцкіх сюжэтаў. У журналіста забралі ўсю тэхніку, два ноўтбукі і цвёрдыя дыскі, сем старых тэлефонаў. Таксама забралі літаратуру на польскай мове — яна іх найбольш цікавіла, бэйджы з канферэнцый, усе польскамоўныя дакументы, уключаючы паперы дачкі, узнагароды з GrandPress.

Ператрус цягнуўся тры гадзіны. Адвакату журналіста прыехаць не дазволілі.

Затрыманага ў Гродне журналіста Андрэя Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат СК у Мінску, дзе адбыўся допыт.

Пачобут затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Такім чынам за кратамі ў Беларусі зноў 12 прадстаўнікоў медыя.

Пасля адбыўся ператрус у рэдакцыі пры Саюзе палякаў у Беларусі. Забіралі газеты Głos znad Niemna і часопісы Magazyn Polski, кампʼютары і абсталяванне.

Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага саюза палякаў у Беларусі ды іншых асоб. Крымінальная справа заведзеная паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае наўмысныя дзеянні, скіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб.

У паведамленні адзначаецца, што фігуранты справы з 2018 года па цяперашні час у Гродне і іншых населеных пунктах вобласці правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў з прыцягненнем непаўналетніх. На гэтых мерапрыемствах, па версіі Генпракуратуры, праводзілася ўшанаванне ўдзельнікаў «антысавецкіх бандфарміраванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці». Тым самым пераследвалася мэта «рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа».

Старшыня не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс была затрыманая на гэтым тыдні. На наступны дзень у дачыненні да яе распачалі адміністрацыйны працэс за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. 24 сакавіка суд прызначыў ёй 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!