173

Журналіста Алеся Асіпцова аштрафавалі за навіну на сайце "Радыё Свабода"

23.07.2021 Крыніца: Радыё Свабода

22 ліпеня суд Ленінскага раёну Магілёва аштрафаваў ужо былога карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова на 25 базавых велічынь за працу журналістам замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Яго абвінавацілі ў тым, што 25 траўня ён падрыхтаваў артыкул пра вынікі суду над палітвязьнямі Паўлам Севярынцам, Максімам Вінярскім, Ірынай Шчаснай, Зьмітром Казловым і іншымі для Радыё Свабода, чым парушыў артыкул 23.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY.

На судзе Асіпцоў растлумачыў, чаму ён невінаваты. Ён паказаў афіцыйныя дакумэнты, згодна зь якімі ён зьяўляўся на той момант карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, і зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што яго матэрыял быў першапачаткова апублікаваны на сайце інфармагенцтва.

Да матэрыялаў справы раздрукоўку арыгінальнага артыкулу не далучылі, а судзьдзя Ленінскага раёну Магілёва Аксана Ратнікава прызнала журналіста вінаватым і прысудзіла яму 25 базавых велічынь штрафу, гэта 725 рублёў.

У ходзе пасяджэньня Асіпцоў заявіў, што часова прыпыняе сваю журналісцкую дзейнасьць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!