489

Журналіст зладзіў анімаваную экскурсію па тэрыторыі гродзенскага гета ФОТАРЭПАРТАЖ

28.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Аляксандра Саенкі

Першая анімацыйная экскурсія, якую ладзіў сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Руслан Кулевіч разам з акцёрамі незалежнага тэатра “Гексаген”, адбылася ў Гродне 27 студзеня і была прысвечаная Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту.

k9.jpg

27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Гэтую дату Генеральная асамблея ААН устанавіла ва ўспамін аб вызваленні вязняў лагера смерці ў Асвенціме (Польшча) 27 студзеня 1945 года савецкім салдатамі.

Экскурсія адбывалася ў выглядзе шляху па тэрыторыі гродзенскага гета №1 – тэрыторыі цэнтральных вуліц горада, якія падчас Другой сусветнай вайны былі абнесеныя цаглянай сцяной і калючым дротам.

k10.jpg

Журналіст Руслан Кулевіч прыйшоў на сустрэчу з экскурсантамі ў вобразе вязня гета: кірзовых ботах і нашытай на вопратку зоркай Давіда.

Акцёры сустракалі людзей у розных пунктах горада таксама ў выглядзе габрэяў – вязняў гета. А імправізаваным мікрафонам, праз які прамаўлялі выступоўцы, быў бохан хлеба, яго ламалі і давалі адзін адному.

k3.jpg

“Мы паказалі, у якіх умовах жылі вязні гета, як фашысты вешалі людзей, што было з тым, хто выходзіў за тэрыторыю гета, – распавядае Руслан Кулевіч. – Таксама мы паказалі лесвіцу з магільных пліт, прывялі сведку тых падзей, які заходзіў ў гета да сваіх суседзяў”.

k2.jpg

Экскурсія аказалася цікавай гарадзенцам, агулам на яе прыйшло больш за семдзесят чалавек. Па словах арганізатараў – рэдакцыі гродзенскага навінавага сайта Hrodna.life, падобныя мерапрыемствы ў горадзе будуць працягвацца.

Наступнай на пачатку лютага плануецца вялікая анімацыйная экскурсія, прысвечаная мастакам, якія непрафесійна малююць выявы Гродна.