НЕ - ВАЙНЕ!
494

Журналіст Яўген Меркіс — у ізалятары, у Гомелі — ператрусы па ягонай крымінальнай справе

14.09.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

У Гомелі другія суткі знаходзіцца за кратамі ізалятара часовага ўтрымання журналіст і краязнаўца Яўген Меркіс. Яго затрымалі 13 верасня ў другой палове дня. Таксама міліцыянты правялі ператрус у кватэры, якую Яўген наймае, і забралі носьбіты інфармацыі. 

Увечары таго ж дня вобшук прайшоў і ў сяброўкі журналіста Святланы Кастэнкі. Жанчына працуе ў Цэнтры інклюзіўнай культуры, займаецца з гамельчукамі, якія маюць праблемы са зрокам і слыхам, а таксама валанцёрыць у арганізацыі "Скажы жыццю "так", што аб'ядноўвае людзей з анкалагічнымі захворваннямі.

Праз праваабаронцаў Святлана паведаміла, што ў пастанове на ператрус пазначана ч. 1 ст. 361 Крымінальнага кодэкса – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да шасці гадоў зняволення.

14 верасня ператрус зладзілі яшчэ і ў кватэры бацькі Яўгена Меркіса, які жыве ў Савецкім раёне Гомеля.

"Я ўрач-кардыёлаг, мяне забралі з працы, каб правесці вобшук. Я наогул не чытаў пастановы на ператрус і пратакола не падпісваў, бо нічога супрацьзаконнага не рабіў і не раблю. Тэхніку ў мяне не забіралі. Пра затрыманне сына паведаміла ўчора следчая з Цэнтральнага раёна. Як я зразумеў, у пятніцу, 16 верасня, пракуратура мае намер вынесці пастанову пра арышт сына", – паведаміў журналісту маніторынгу Аляксандр Меркіс.

Раней Яўген Меркіс супрацоўнічаў з тэлеканалам "Белсат", вёў стрымы з мітынгаў так званых "дармаедаў”, асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі.                 

Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі, Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю. Атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове.

Чытайце яшчэ:

«Расчаравалася ў працы міжнародных інстытутаў»: як Сабіна Аліева змяніла юрыспрудэнцыю на журналістыку

Дзяніс Івашын: «Войскі персідскага цара Дарыя ўжо зазналі паражэнне ў Скіфіі»

В Литве предлагают законодательно запретить все белорусские государственные СМИ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!