2699

Журналіст Уладзімір Лапцэвіч падаў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд

05.08.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

У кастрычніку 2014 журналіста перасталі пускаць на пасяджэнні абласнога Савета дэпутатаў. Падчас асабістага прыёму старшыня Анатоль Ісачанка заявіў Лапцэвічу, што доступ яму абмежавалі з-за адсутнасці ў «спісах запрошаных».

Калі 24 лістапада журналіст зноў паспрабаваў трапіць на пазачарговую сесію Савета, яму ізноў адмовілі, матываваўшы гэта адсутнасцю ўвышэйзгаданых «спісах». Зрабіў гэта галоўны спецыяліст аблсавету Яўген Нальгачоў, на дзеянні якога Лапцэвіч напісаў скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў. Анатоль Ісачанка парушэнняў у паводзінах свайго калегі не выявіў.

Тады журналіст вырашыў звярнуцца ў суд. Аднак і Ленінскі раённы суд, і ў наступным судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда адмовіліся задаволіць скаргу. Старшыня Магілёўскага абласнога суда таксама стаў на бок адказчыка. Пасля гэтага Уладзімір Лапцэвіч накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд.

У ей журналіст звяртае ўвагу на тое, што ні адзін з нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь не забараняе прысутнічаць на пасяджэннях Савета дэпутатаў. Больш за тое, як журналіст, ён, па законе «Аб сродках масавай інфармацыі», мае права збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў, ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, іншых юрыдычных асоб, а таксама захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, неабходную для ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці, а таксама прысутнічаць у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у раёнах узброеных канфліктаў ці надзвычайных сітуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю.

Журналіст просіць адмяніць рашэнні суда Ленінскага раёна і судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага аблсуда, а таксама прызнаць дзеянні старшыні аблсавету дэпутатаў Анатоля Ісачанкі і галоўнага спецыяліста Яўгена Нальгачова супрацьпраўнымі.

На гэтую ж тэму:

Дзевяць крокаў Уладзіміра Лапцэвіча