1781 2

Журналіст: «Советская Белоруссия» скрала і перапісала мой артыкул. Звяртаюся ў суд

07.06.2017 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Газета Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі без дазволу перадрукавала артыкул Сяргея Харытонава з Rfrm.io і дадала некалькі сказаў у тэкст. Журналіст перакананы — парушаны аўтарскія правы, і спадзяецца на судовае рашэнне.

У артыкуле "Поместье стоимостью $1,875,000, купленное в США за деньги для развития образования в Беларуси" распавядаецца пра дом, набыццё якога, як піша аўтар, верагодна, аплочвалася за грошы, прызначаныя для развіцця вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

Матэрыял з’явіўся на сайце Rfrm.io 4 чэрвеня, а ўжо 6 чэрвеня са зменамі быў надрукаваны ў «Советской Белоруссии».

— На сайце rfrm.io пазначана, што выкарыстоўваць матэрыялы сайта можна толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Дазволу ў нас ніхто не пытаўся. «Советская Белоруссия» надрукавала матэрыял #RFRM, дадала ад сябе дзіўных думак і высноў ды падпісала артыкул маім імем. Атрымліваецца, яны напісалі ад майго імя тое, пра што я не казаў. Я лічу, што гэта даволі дзіўны падыход да журналістыкі ад вядучай і многімі паважанай у Беларусі газеты, — расказаў Сяргей Харытонаў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

— Зараз мы вывучаем магчымасці падаць на «СБ» у суд. На самой справе, гэта не самамэта — кагосьці пакараць. Дарэчы, яшчэ з дзясятак беларускіх, балтыйскіх і расійскіх інтэрнэт-выданняў узялі гэты матэрыял без нашага дазволу. Мы хацелі б дамагчыся, каб беларускі медыйны рынак выконваў элементарныя правілы журналісцкай этыкі і павагі адзін да аднаго. Я зусім не супраць вырашыць гэты спрэчны момант падчас  асабістай сустрэчы з галоўным рэдактарам «СБ» і ўжо запрасіў яго даць інтэрв'ю #RFRM, каб абмеркаваць гэтае і іншыя пытанні, якія цікавіць нашых чытачоў.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася па каментар датычна сітуацыі з перадрукам публікацыі без дазволу да першага намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Міхаіла Лябедзіка, аднак пакуль яго не атрымала.

Фота са згаданага матэрыялу

Каментары

Як я, не журналіст, разумею, прыпіска на сайце БЕЗ МАЙГО ДАЗВОЛУ ТЭКС НЕ ЧАПАЦЬ, БО ГЭТА МАЁ - дзіцячая прыпіска для юных друзей журналістыкі.
То бок памылка нумар Раз у жалобным плачы Сержа Харытонава ёсць.
Што датычыцца памылкі нумар Два ці болей - аб рэдагаванні СБ тэксту і звароту ў самы гуманны па справам журналістыкі беларускі суд (можна ўспомніцьвядому справу пра фота ззяння і БТ) , то пасля яго прысуду, мяркую, ці наўрад папулярнасць сайту і аўтара стане вышэй на все времена і века, чым сёння.

СВАБОДА ад 07 чэрвень 2017, 15:25:
«У сваю чаргу, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адрэагаваў на публікацыю парталу rfrm.io, прысьвечаную былому рэктару ЭГУ Дэвіду Поліку:

«Наратыўная лінія артыкула грунтуецца на канструкцыі з аднаго „верагодна“ і трох „магчыма“, што наглядна сьведчыць пра ўзровень сьцьвярджэньняў аўтара. Як вядома з адкрытых дадзеных графства Джэфэрсан (штат Каларада), Дэвід Полік набыў зямельны надзел у кастрычніку 2008 году і завяршыў будаўніцтва жылога дома ў 2011-м. Улічваючы, што прафэсар Полік пачаў працаваць у ЭГУ ў сьнежні 2013 году, сувязь паміж ягонай нерухомасьцю і ўнівэрсытэтам існуе выключна ў фантазіях аўтара».

https://www.svaboda.org/a/rfrm-sb/28533726.html