1072

Журналіст Руслан Кулевіч зрабіў прапанову дзяўчыне падчас прэзентацыі кнігі ў Гродна!

18.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Руслан Кулевіч прэзентаваў грамадскасці сваю новую кнігу “Гісторыі з гродзенскіх вуліц”. Яна змяшчае ўспаміны гарадзенцаў сталага ўзросту пра перадваенны час і пачатак Другой сусветнай вайны (1939-1940 гады), у кнізе шмат фотаздымкаў з сямейных архіваў.

 Руслан Кулевіч

На сустрэчу 16 студзеня ў Цэнтр гарадскога жыцця прыйшлі каля дзвюхсот гарадзенцаў. Гэта былі людзі розных пакаленняў, у тым ліку суаўтары журналіста — некаторым з іх цяпер па 80-90 гадоў.

— Выступаў я, выступалі героі кнігі. Шкадую толькі, што мы не дазваніліся да аднаго з герояў з Польшчы, ён вельмі хацеў выступіць анлайн. На маю думку, ёсць вялікі попыт на гісторыю Гродна, попыт на кнігу ёсць, — гаворыць Руслан Кулевіч.

Кулевіч абяцае, што ў кнігі будзе працяг. Ён плануе далей збіраць успаміны, будзе пераходзіць “на новы ўзровень” — 30-50-я гады ХХ стагоддзя. Журналіст распачаў працу над кнігай пра гродзенцаў, якія вымушаныя былі з’ехаць да вайны ці пасля — гэта ў асноўным габрэі. “Іх нашчадкі зараз прыязджаюць у Гродна і распавядаюць розныя гісторыі, паказваюць дамы, дзе жылі іх продкі”,  — кажа Руслан Кулевіч.  

Паводле галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты, які быў рэдактарам кнігі Кулевіча, для герояў галоўным было — увага, і вялікая праца Руслана не толькі ў тым, што ён збірае ўспаміны, але і выводзіць на публіку гэтых людзей.

“Ім у свае дзевяноста год вельмі прыемна, што хтосьці цікавіцца іх маладосцю,  жыццём і хоча паразмаўляць. Прэзентацыя напэўна не апошняя. Першую кнігу мы прадстаўлялі і ва Універсітэце залатога веку, і ў Саюзе палякаў, былі яшчэ асобныя прэзентацыі. Выданне карысталася поспехам у чытачоў. Я мяркую, гэтая кніга таксама цягам зімы-вясны будзе прэзентавацца грамадскасці некалькі разоў. Я вельмі задаволены сённяшняй імпрэзай — вельмі цёплая, сяброўская атмасфера”, — зазначыў Аляксей Шота.

Напрыканцы сустрэчы Руслан Кулевіч зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Таццяна адказала "Так", а прысутныя віталі гэтую сцэну апладысментамі. 

Першая кніга Руслана Кулевіча “Горад адзін, успаміны розныя” выйшла ў 2019 годзе, яе прэзентацыя адбылася ў Гродне роўна год таму.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!