2874

Журналіст, палітвязень Яўген Васьковіч – на волі!

23.08.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Крымінальная адказнасць за паклёп і абразу

22 жніўня рашэннем кіраўніка дзяржавы, “зыходзячы з прынцыпу гуманізму”, былі памілаваныя і вызваленыя шэсць палітвязняў, у тым ліку 24-гадовы журналіст «Бобруйского курьера», сябра ГА “БАЖ” Яўген Васьковіч.

Аўтобус, на якім з Магілёва ехаў у Бабруйск Яўген Васьковіч, прыбыў на паўгадзіны раней – у 21.35. Але на мясцовым аўтавакзале Яўгена ўжо чакалі родныя і блізкія. Праз некалькі хвілін туды прыбылі і калегі Васьковіча – журналісты, супрацоўнікі «Бобруйского курьера», сябры ГА «БАЖ».

Кветкі, усмешкі, прывітанні, выбліскі фотакамер... Васьковіч цёпла вітае ўсіх. Ён амаль не змяніўся за гэтыя 4,5 гады знаходжання ў зняволенні.

Шырокая, жыццярадасная ўсмешка – тое, што яго заўсёды вызначала – па-ранейшаму на яго твары.

Яўген абдымаецца са сваімі калегамі па газеце – галоўным рэдактарам Анатолем Санаценкам, адказным сакратаром Віктарам Качаном, начальнікам аддзела рэкламы (у мінулым) Ліліяй Санаценка... Потым дае журналістам розных СМІ невялікае інтэрв'ю, дзеліцца планамі на будучыню. Кажа, што збіраецца працягнуць працу журналістам, а таксама мае намер паступаць у Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ, Вільня).

«Усе гэтыя гады Яўген быў нашым супрацоўнікам, – аб'яўляе Анатоль Санаценка, – так, ён не звольнены, ён па-ранейшаму – журналіст «Бобруйского курьера»!»

Пагутарыўшы з усімі, зрабіўшы фота на памяць і дамовіўшыся пра сустрэчу з калегамі на наступны дзень, Яўген з'язджае ў атачэнні сваіх родных.

Нагадаем, Васьковіч быў асуджаны ў маі 2011 года на сем гадоў пазбаўлення волі за сімвалічную акцыю пратэсту, праведзеную ля сцен Бабруйскага КДБ.

Шкода ад яго дзеянняў (сапсаваная ў адным месцы тынкоўка) склала 253.000 беларускіх рублёў. Нягледзячы на гэта, да яго ўжылі артыкул аб нанясенні шкоды ў асабліва буйным памеры.