1466

Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын трапіў у шпіталь

07.02.2023 Крыніца: Еўрарадыё

Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын трапіў у шпіталь. З Гродна ў калонію ў Магілёў яго прывезлі з высокай тэмпературай.

"Карантыну як такога не было, бо ў такім стане Дзяніс, натуральна, адразу патрапіў у шпіталь, — піша жонка Івашына Вольга— Адчуваў сябе надта кепска, нават не мог нам пісаць. Але нашыя лісты ён атрымаў, то чакаем на вестачку ў хуткім часе".

Дзяніс Івашын — журналіст-расследвальнік. Яго арыштавалі пасля шэрагу артыкулаў пра былых "беркутаўцаў", якія пасля Майдана 2014 года ва Украіне ўладкаваліся ў сілавыя структуры ў Беларусі. Івашына вінавацілі па артыкуле аб "умяшанні ў дзейнасць міліцыі", але ў выніку прызналі вінаватым у "здрадзе радзіме". У верасні 2022-га ён быў асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц калоніі.

Палітвязня ўтрымлівалі ў гродзенскай турме № 1, дзе ў студзені сёлета моцна захварэў пасля таго, як трапіў у карцар. Цяпер ён у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!