НЕ - ВАЙНЕ!
696

Журналіст па-за прафесияй: гамельчанка пачала ствараць відэалетапісы сем'яў

22.07.2022 Крыніца: Новы час

Журналістка Ларыса Шчыракова, вымушаная пакінуць прафесію, пачала займацца фіксацыяй і захаваннем гісторый сем'яў на Гомельшчыне.

Жыхары Гомельшчыны, дый не толькі, ведаюць Ларысу Шчыракову як незалежную журналістку, якая звяртала ўвагу на шматлікія праблемы ў рэгіёне. Аднак спадарыня Ларыса вымушана была пакінуць прафесію, і цяпер яна вырашыла заняцца тым, што ўмее як відэааператар, фатограф, а таксама як прафесійны гісторык — фіксацыяй і захаваннем сямейных гісторый.

— Мне гэта блізка і вельмі цікава. Гэта не грамадскі праект, а мая ўласная ініцыятыва, і я, як ІП, магу прапаноўваць людзям здымку такіх фільмаў ці гістарычных рэпартажаў, — распавядае Ларыса Шчыракова.

За яе плячыма — 10 гадоў журналісцкага і аператарскага досведу, у тым ліку праца ў межах ініцыятывы «Забітыя і забытыя», якая распавядае пра рэпрэсаваных у савецкія часы жыхароў Гомельшчыны.

Журналістка стварыла шэраг відэаінтэрв'ю з нашчадкамі ахвяр палітычных рэпрэсій бальшавікоў.

Цяпер Ларыса Шчыракова прапануе запісаць інтэрв’ю з рознымі людзьмі (сведкамі, відавочцамі падзей), зняць памятныя месцы, звязаныя з гісторыяй пэўнай сям'і, дадаць сямейныя фатаграфіі і дакументы. У выніку атрымаецца своеасаблівы летапіс роду, які дапаможа захаваць каштоўныя ўспаміны для нашчадкаў.

Відэаздымка сямейных гісторый для спадарыні Ларысы пасля сыходу з прафесіі — адна з нешматлікіх магчымасцяў забяспечыць сабе існаванне. Але ёсць у гэтым і яшчэ адна важная гуманітарная мэта: праз захаванне гісторый сем'яў захаваць гісторыю народа. Ці, прынамсі, Гомельшчыны — бо здымкі плануецца праводзіць толькі ў гэтым рэгіёне.

— Любую гістарычную з'яву можна і трэба паказваць праз канкрэтнага чалавека ці сям'ю: напрыклад, Другая Сусветная на Гомельшчыне, ці стараверства, ці рэпрэсіі. Бо адна справа, калі чытаеш агульную навуковую інфармацыю: колькі чалавек было раскулачана, выслана, расстраляна. Але зусім па-іншаму эмацыйна кранаюць канкрэтныя гісторыі гэтых людзей, асабліва калі іх распавядаюць нашчадкі, напрыклад, дачка рэпрэсаванай узгадвае сваё сіроцкае дзяцінства. І гэта нашмат лепш раскрывае тую ці іншую падзею альбо з'яву. Я лічу, што гэта ідэальна — дадаваць гісторыі людзей у агульны гістарычны аповед.

Чытайце яшчэ:

Фотавыстава пра пратэст у беларускіх рэгіёнах адкрыецца ў Беластоку 9 жніўня. Ідзе збор сродкаў

Позиция нового медиа tochka.by: "С уходом и переформатированием работы ряда крупных игроков уровень качественной журналистики в байнете заметно упал"

«Кто ответит за санкции». Как госСМИ отреагировали на доклад ICAO о принудительной посадке самолета Ryanair

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!