251 0

Журналіст Лапцэвіч абскарджвае штраф за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ

17.07.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Магілёўскі журналіст абскарджвае пастанову суда Ленінскага раёна Магілёва ў абласным судзе.

Журналіст Уладзімір Лапцэвіч 14 ліпеня накіраваў скаргу ў Магілёўскі абласны суд. У скарзе Лапцэвіч просіць адмяніць прынятую 29 чэрвеня 2017 года суддзёй Ленінскага суда Магілёва Аленай Літвіной пастанову аб пакаранні яго штрафам у 45 базавых велічынь (1 035 рублёў) ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Таксама журналіст звяртаецца да абласнога суда з просьбай вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас суддзі Алены Літвіной за ігнараванне патрабаванняў пленума Вярхоўнага суда № 11 ад 20.12.2013 года.

“29 чэрвеня 2017 года суддзя Ленінскага суда Магілёва Алена Літвіна прызнала мяне вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ на падставе пратаколаў аб правапарушэнні, складзеных супрацоўнікамі Ленінскага РАУС горада Магілёва.

З пастановай суддзі Літвіной, роўна як і з інкрымінаваным мне Ленінскім РАУС правапарушэннем, я не згодны і лічу ўсё гэта грубай фальсіфікацыяй, скажэннем фактаў і свядомым парушэннем майго права на свабодны распаўсюд інфармацыі, якая замацаваная як унутраным беларускім заканадаўствам, так і міжнароднымі прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

Так, згодна з пастановай суддзі Літвіной і з пратаколамі, складзенымі міліцыяй, я прызнаны журналістам замежнага СМІ, які працуе ў Беларусі без акрэдытацыі. На самай справе журналістам штотыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» я не з'яўляюся. Я не займаюся ні зборам, ні стварэннем, ні тым больш рэдагаваннем матэрыялаў для юрыдычнай асобы, у дадзеным выпадку рэдакцыі «Нівы»”, - выказвае свой пункт гледжання Уладзімір Лапцэвіч.

У скарзе У. Лапцэвіч адзначае таксама, што падчас судовага пасяджэння суддзя Літвіна без якой-небудзь матывацыі забараніла прысутным весці фота- і відэаздымку працэсу, нягледзячы на ​​тое, што яны заявілі аб такім жаданні.

Згодна з пунктам 6 пастановы Пленума Вярхоўнага суда № 11 ад 20.12.2013 г. асобы, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі судовага працэсу, журналісты сродкаў масавай інфармацыі звяртаюцца да суда з адпаведнай просьбай (заявай). Наяўнасць такога хадайніцтва (просьбы), а таксама меркаванне бакоў (юрыдычна зацікаўленых у зыходзе справы асоб) адлюстроўваюцца ў пратаколе судовага пасяджэння.

“Адзначу, што ў пратаколе судовага пасяджэння не адлюстраванае меркаванне бакоў, у дадзеным выпадку маё меркаванне, на гэтае хадайніцтва. Прычына ў тым, што суддзю Літвіну яно ў прынцыпе не цікавіла і яна нават не патурбавалася ў мяне яго спытаць, парушыўшы пастанову вышэйзгаданага Пленума Вярхоўнага суда”, выказвае свае меркаванне Уладзімір Лапцэвіч.

Журналіст чакае, што разгляд яго скаргі ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца на наступным тыдні.

Нагадаем, што 29 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва суддзя Алена Літвіна прыняла пастанову аб пакаранні Уладзіміра Лапцэвіча штрафам у памеры 45 базавых велічынь (1 035 рублёў) за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

20 чэрвеня на Лапцэвіча было складзена 7 асобных пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні за матэрыялы журналіста, якія былі апублікаваныя ў тыднёвіку беларусаў Польшчы “Ніва” за апошнія два месяцы. На думку міліцыянтаў, парушэннем з’яўлялася ўжо тое, што Лапцэвіч публікаваўся ў “Ніве” без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Доказам існавання працоўных адносін паміж Лапцэвічам і штотыднёвікам “Ніва” магілёўскія міліцыянты палічылі пададзеную журналістам у падатковую інспекцыю дэкларацыю аб даходах за 2016 год, якую ім прадаставіла інспекцыя № 2 МПЗ па Ленінскім раёне г. Магілёва.

Каментары