196 0

Журналіст-фрылансер Жукоўскі пасля нападу шпіталізаваны ў таксікалагічнае аддзяленне

09.08.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Кастусь Жукоўскі ноч правёў у таксікалагічным аддзяленні бальніцы. Участковы склаў пратакол па факту нападу на журналістаў.

Нагадаем, учора журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын здымалі сюжэт пра свінакомплекс, які належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю «Добрая хрюшка», побач з вёскай Зялёныя Лукі Гомельскага раёна. Журналісты хацелі  спраўдзіць інфармацыю пра нібыта падзёж свіней на комплексе.

На журналістаў выклікалі міліцыю — прыехалі ажно пяць чалавек. І ў гэты ж час у прысутнасці міліцыянтаў мужчына ў камуфляжнай форме, верагодна, з ліку ахоўнікаў свінакомплексу, напаў на  журналістаў і абпырскаў іх хімічным рэчывам невядомага паходжання.

Кастусь Жукоўскі распавёў, што міліцыянты на гэта ніяк не рэагавалі. Тады журналісты выклікалі ўчастковага. Участковы прыехаў, але адмаўляўся складаць пратакол. І толькі пасля таго, як прыехала хуткая, ён пагадзіўся аформіць пратакол за нападу на журналістаў.

У бальніцы Жукоўскаму спачатку прапанавалі проста размясціцца ў палаце, не дазваляючы схадзіць у душ, хаця яго вопратка была цалкам прапітаная хімічным рэчывам.

Пасля патрабаванняў Кастуся яму ўсё ж дазволілі памыцца, затым паставілі дзве кропельніцы.

Раніцай 9 жніўня Жукоўскага выпісалі з бальніцы.

"Але я зноў паеду здымаць сюжэт пра той свінакомплекс, бо гэта мая работа — шукаць інфармацыю, даносіць яе гледачу", — гаворыць Кастусь Жукоўскі.

Каментары