470 0

Журналіст-фрылансер Жукоўскі атрымаў адразу тры міліцэйскіх пратаколы!

13.01.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

На адзін пазоў журналіста да міліцыі — тры міліцэйскіх пратаколы.

Кастусь Жукоўскі

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў адразу тры адміністрацыйныя пратаколы, датаваныя адным днём — 6 студзеня. Два з іх прыйшлі на гомельскі адрас Жукоўскага з Буда-Кашалёўскага РАУС, трэці — з Светлагорскага райаддзела міліцыі.

“Не пратаколы, а гатовая зацемка для  беларускамоўнага сатырычнага часопіса “Вожык”, які нядаўна пазбавіўся бюджэтнай падтрымкі”, — сказаў Службе маніторынгу БАЖ фрылансер Жукоўскі.

Малодшы сяржант міліцыі Алег Маркаў з Буда-Кашалёва ў пратаколе №4332410 піша, што 21 лістапада Жукоўскі быў у вёсцы Бушаўка і, не маючы адпаведнай акрэдытацыі МЗС Рэспублікі Беларусь “па вытворчасці журналісцкай дзейнасці, незконна рабіў інтэрв'юіраванне жыхароў в. Бушаўка, тым самым незаконна ўдзельнічаў у вырабе прадуктаў (!) сродкаў масавай інфармацыі”.

Названы і сам “прадукт” — сюжэт “Марафет перад прыездам Лукашэнкі скончыўся  трагедыяй”. Гэта — расповед пра трагічны выпадак, калі з даху фермы ў Бушаўцы ўпаў і разбіўся насмерць рабочы Гомельскага хімзавода — ён чысціў дах да маючага адбыцца візіту ў вёску кіраўніка дзяржавы.

Старшы сяржант міліцыі, малодшы ўчастковы інспектар  з таго ж Буда-Кашалёўскага РАУС Яўген Шумілаў у адміністрацыйным пратаколе №4332445 пазначыў, што 5 снежня  Жукоўскі быў ў вёсцы Кашалёва і, не маючы акрэдытацыі беларускага МЗС “на вытворчасць журналісцкай дзейнасці, незаконна ўдзельнічаў у вырабе прадуктаў сродкаў масавай інфармацыі”.

“Прадукт” пад назвай “Саўгас пасеяў ураджай на балоце. Цяпер не можа сабраць” быў паказаны 6 снежня ў праграме “Аб’ектыў” на тэлеканале “Белсат” (Польша). І хоць у сюжэта пазначаны аўтар (Вольга Жарнасек), вінаватым застаўся фрылансер Жукоўскі, бо ягоныя відэаздымкі, размешчаныя на YouTube, скарыстаў тэлеканал “Белсат”.

"Складанне міліцэйскіх пратаколаў, — з гумарам падсумоўвае  Жукоўскі, — нагадвае нядаўнюю сітуацыю ў Камарыне: усе казалі, што людзей там пакусаў воўк, аднак, гэта зрабіла ваўчыца. Па ўсяму відаць, міліцыя атрымала загад змагацца з непадкантрольнай відэаінфармацыяй, якая сыходзіць ад недзяржаўных тэлеканалаў”.

У трэцім пратаколе, які склаў паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП капітан міліцыі Светлагорскага РАУС Сяргей Шліхтоў, фрылансера Жукоўскага вінавацяць яшчэ і ў  парушэнні закона аб СМІ — “злоўжыванні правамі і абавязкамі журналіста”, бо ён "ажыццяўляў інтэрв'юіраванне жыхароў в. Якімава Слабада”, і такім чынам “удзельнічаў  у вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ ў выглядзе сюжэту, які размешчаны ў сетцы інтэрнэт на сайце “Белсат”.

Серыя адміністрацыйных пратаколаў пасыпалася на фрылансера Жукоўскага пасля таго, як ён прад’явіў судовы пазоў гомельскім міліцыянтам за бяздзеянне. Нагадаем, летась падчас наведвання свінакомплекса ТАА “Добрая хрюшка” Жукоўскага  і яго калегу Андрэя Толчына адзін з ветэрынараў апырскаў хімікатамі, ды так, што фрылансер патрапіў у бальніцу з атручваннем. Адбылося гэта на вачах супрацоўнікаў Гомельскага райаддзела міліцыі. У судзе Гомельскага раёна акурат зараз разглядаецца пазоў з нагоды інцыдэнту. Жукоўскі хоча спагнаць з міліцыі і нападніка агулам 3 тысчы рублёў кампенсацыі фізічнай і маральнай шкоды.

Такім чынам Кастуся Жукоўскага чакае, паводле вышэйзгаданых пратаколаў, тры адміністрацыйныя суды. Летась, дарэчы, супраць фрылансера міліцыя склала каля двух дзесятаў пратаколаў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Адбылося адзінаццаць судоў. Сума адміністрацыйных штрафаў Жукоўскаму склала агулам 9 775 рублёў.

Каментары