3877

Журналіст-фрылансер з Гомеля мусіць сплаціць у бюджэт штрафаў на 70 мільёнаў

25.02.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

24 лютага суддзя Жлобінскага раённага суда Валянціна Сапонава аштрафавала гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага адразу па двух адміністрацыйных пратаколах  за выраб прадукцыі СМІ для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі – 40 базавых велічыняў па кожным, што складае 16 мільёнаў 800 тысяч рублёў.

Кастусь Жукоўскі

У першым сюжэце, паказаным 4 студзеня на тэлеканале “Белсат”, гаворка вялася  пра флагман айчыннай індустрыі – Беларускі металургічны завод (БМЗ) у Жлобіне, – які апынуўся ў складаным эканамічным становішчы: працуе апошнія два гады са стратамі, персанал адпраўляе ў вымушаныя адпачынкі, змяншае рабочым розныя даплаты.

У другім сюжэце расповед вёўся пра вёску Рудзенка Жлобінскага раёна, дзе рэканструкцыя фермы цягнецца ўжо 10 гадоў. Мясцовыя працаўнікі паз’язджалі з вёскі ў пошуках новай працы, а рамонту жывёлагадоўчага памяшкання не бачна канца.

На разгляд апошняй адміністрацыйнай справы запрошаны былі ажно чатыры сведкі з Камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства (КСУП) “Пірэвіцкі”, уключна з кіраўніком гаспадаркі. Сведак з боку БМЗ наогул не было. Тлумачэнні даваў толькі аўтар пратакола, капітан міліцыі Аляксандр Раманенка.

“Усе падобныя суды – не  што іншае, як адмысловая замова супраць мяне асабіста. Таму мяне і пераследуюць”, – лічыць  Кастусь Жукоўскі.

Журналіста-фрылансера сёлета ўжо тройчы штрафавалі паводле аналагічных адміністрацыйных пратаколаў з міліцыі – у Калінкавіцкім, Кармянскім і Буда-Кашалёўскім судах.

Летась раённыя суды Гомельскай вобласці шэсць разоў выносілі падобныя адміністрацыйныя пастановы ў дачыненні да Жукоўскага.

Агулам ён мае сплаціць цяпер у бюджэт  нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ  без акрэдытацыі  70 мільёнаў  350 тысяч рублёў.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!