214 0

Журналіст-фрылансер Яўген Скрабец падаў касацыйную скаргу ў Брэсцкі аблсуд

24.08.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Скарга тычыцца рашэння суда Лунінецкага раёна, які 15 жніўня пакараў Яўгена Скрабца штрафам паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ.

Яўген Скрабец

Журналіст з Брэста быў абвінавачаны ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” за матэрыял на “Радыё Рацыя”, які быў падрыхтаваны па выніках прэс-тура, арганізаванага Лунінецкай філіяй ГА “БАЖ”.

Суд у Лунінцы аштрафаваў Яўгена Скрабца на 20 базавых велічыняў (490 рублёў), але сам фрылансер не згодны з тым, што парушыў закон.

“У сваёй касацыйнай скарзе ў Брэсцкі абласны суд я звяртаю ўвагу на тое, што мая віна не была даказана, бо я працаваў як журналіст-фрылансер, а не як штатны карэспандэнт замежнага СМІ, якому патрэбная акрэдытацыя”, — распавёў Яўген Скрабец службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Акрамя таго, адзначае брэсцкі сябра ГА “БАЖ”, суд у Лунінцы ніяк не адрэагаваў на тое, што ў адміністрацыйным пратаколе была пераблытана дата, калі рабілася інтэрв’ю, якое стала падставай для складання самога пратакола, а далей і суда. Між тым, калі мець на ўвазе рэальную дату інтэрв’ю, дык яно было зроблена больш чым за два месяцы да моманту судовага пасяджэння, а таму скончыўся тэрмін, каб быць прыцягнутым да адказнасці паводле адміністрацыйнай справы.

Яўген Скрабец у сваё скарзе таксама звяртае ўвагу на тое, што ў дзяржаўнай раённай газеце “Лунінецкія навіны” пасля суда з’явілася тэндэнцыйная публікацыя, якая ўтрымлівала каментар суддзі, што вёў гэты працэс.