527

Журналіст-фрылансер Таццяна Смоткіна атрымала адказ з Віцебскага суда на сваю скаргу

23.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Віцебскага абласнога суда не задаволіў скаргу журналісткі Таццяны Смоткінай і пакінуў пастанову Докшыцкага райсуда ў сіле. У скарзе Таццяна ўказала, што з пастановай суда, які абвінаваціў яе ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ і наклаў штраф у памеры 30 базавых велічыняў, не згодная.

А пастанова, агучаная суддзём Докшыцкага раённага суда Вячаславам Елісеенкам, супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным актам, якія гарантуюць права на свабоду слова. Аднак суддзя абласнога суда Ірына Смалякова не ўлічыла довады журналісткі і пакінула скаргу незадаволенай.

Другую скаргу Смоткінай на пастанову суддзі Глыбоцкага райсуда Людмілы Вашчанка, якая наклала на журналістку штраф у памеры 45 базавых велічыняў, задаволіла часткова. Ірына Смалякова зменшыла штраф да 35 базавых велічыняў.

Такі ж штраф – у 35 базавых велічыняў – атрымаў падчас суда ў Глыбокім і журналіст-фрылансер Зміцер Лупач. Яго скарга на пастанову Глыбоцкага райсуда была таксама не задаволеная Віцебскім абласным судом.

Як кажа Таццяна Смоткіна, суддзя Ірына Смалякова проста ўраўняла штрафы журналістам.

– Чаму яна так зрабіла, невядома. Напэўна, яна хацела тым самым паказаць, што яны неяк стараюцца ўсё ж унікаць у скаргі журналістаў-фрылансераў. Або ім далі такое ўказанне зверху, час ад часу паказваць, што яны не штампуюць  падобныя адпіскі, а ўсё ж звяртаюць увагу на змест скаргаў журналістаў. Але сама сутнасць не змяняецца: журналістаў-фрылансераў як штрафавалі, так і працягваюць штрафаваць за быццам бы незаконны выраб прадукцыі СМІ. Бо ў нашай краіне толькі журналісты-фрылансеры падымаюць тыя набалелыя пытанні, за якія не возьмуцца ні журналісты дзяржаўных СМІ, ні нават калегі з некаторых прыватных выданняў, што называюць сябе незалежнымі, – гаворыць Таццяна.

Нагадаем, падставай для судовога пераследу Таццяны Смоткінай былі  матэрыялы на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” “Бязмежжа міліцыянтаў, або за што ламаюць ногі пенсіянерам”, “Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы”, “Юбілейныя сімвалы” ў Глыбокім і “Вываз смецця – паслуга абавязковая”. Але, што яшчэ цікава, ёй прыпісваюць і супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам ”Белсат”, з якім журналістка ніколі не супрацоўнічала і не супрацоўнічае.