644

Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі адмаўляецца “бараніць рэжым” на вайсковых зборах

06.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

Больш як два месяцы цягнулася медычная камісія ў Гомельскім гарадскім ваенкамаце для 43-гадовага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, якога яшчэ ў красавіку меліся прызваць на вайсковыя зборы. З прычыны стану здароўя журналіста накіроўвалі на паглыбленае абследаванне ў розныя медустановы.

“Я згубіў агулам пятнаццаць дзён, і сёння заявіў у ваенкамаце, што час ужо кампенсаваць мне згублены час. Дык лекар Ігар Арлоў пагражаў звярнуцца ў пракуратуру на мае паводзіны, адправіць нават на псіхіятрычную экспэртызу, хоць зусім нядаў сам даў мне заключэнне, што я псіхічна здаровы”, — распавёў Службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.

З ваенкамата фрылансер вёў стрым, у якім выказаў меркаванне, што, выкарыстоўваючы вайсковую структуру, КДБ наўмысна "мурыжаць" яго са зборамі, каб не займаўся журналістыкай.

Па словах Жукоўскага, раней у ваенкамаце тлумачылі, што беларускай арміі надзвычай патрэбныя наводчыкі-танкісты. Менавіта такую спецыяльнасць меў Жукоўскі, калі праходзіў тэрміновую службу. Цяпер Жукоўскага спрабуюць прызваць на нейкую “базу захоўвання”.

Але былы танкіст-наводчык заявіў, што наагул не збіраецца абараняць “рэжым, які раздзярбаніў краіну”. На пытанне Жукоўскага, ці могуць забяспечыць яму ў войску дыетычнае харчаваннне, як рэкамэндуюць медыкі ў сувязі з ягоным станам зароўя, супрацоўнікі ваенкамата адказвалі адмоўна.

Падчас уручэння позвы на зборы, якія плануюцца на канец ліпеня, Жукоўскі паўтарыў, што не збіраецца “бараніць рэжым” на шкоду свайму здароўю.